ЛІМО́Н (Citrus limon),

кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўд. і Паўд.-Усх. Азія. У 11 ст. завезены ў Міжземнамор’е. Культывуецца ў тропіках і субтропіках. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэях і пакоях. Сарты — Паўлаўскі, Меера, Грузінскі, Нова-Грузінскі, Віла-Франка і інш.

Вечназялёнае дрэва выш. 1,5—7 м. Галіны часцей з калючкамі. Лісце скурыстае, авальна-падоўжанае на кароткіх чаранках са спецыфічным пахам. Кветкі двухполыя, белыя, духмяныя, адзіночныя або ў гронках. Самаапыляецца, цвіце і пладаносіць амаль увесь год. Плод — шматгнездавая ягада, мае ў сабе к-ты (3,5—8,1 мг %), вітаміны C (45—140 мг %), A, B, P, цукар (1,9—3%) і інш. Лек. расліна. З пладоў Л. прыгатаўляюць сокі, канцэнтраты, варэнне, мармелад, лімонную к-ту, тэхн. і эфірны алей.

У.П.Пярэднеў.

Лімон.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)