Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУ́МСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р Кума (бас. р. Коўда), на Пн Карэліі (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Кумскай ГЭС у 1962—66 у выніку затаплення даліны р. Кума і падпору азёр Тапвозера, Пявозера, Кундвозера. Пл. 1910 км2, аб’ём 13,3 км3, даўж. 75 км, сярэдняя глыб. 7 м. Шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 4,5 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і лесасплаву; рыбалоўства.

т. 9, с. 20

КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,

група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.

Літ.:

Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;

Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 20

КУМУЛЯТЫЎНЫ ЭФЕ́КТ, кумуляцыя (ад лац. cumulatio збіранне),

канцэнтрацыя дзеяння выбуху ў адным пэўным напрамку. Дасягаецца стварэннем у зарадах выбуховых рэчываў канічнай, сферычнай або інш. кумулятыўнай выемкі, накіраванай у бок аб’екта паражэння.

К.э. значна павялічваецца пры пакрыцці (абліцоўцы) выемкі метал. абалонкай. Пры ініцыіраванні выбуху паток прадуктаў дэтанацыі ўтварае высокаскарасны (да 10—15 км/с) кумулятыўны струмень, у якім ціск, шчыльнасць рэчыва і энергія значна вышэйшыя, чым у звычайных зарадаў. Гэта забяспечвае накіраванасць выбуху і высокую прабіўную сілу кумулятыўнага струменя. Выкарыстоўваецца ў выбуховай справе (у дэтанатарах, прасаваных аманітах, адкрытых зарадах) і ваен. справе — у кумулятыўных боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, авіяц. бомбах, баявых частках ракет і інш.), прызначаных пераважна для паражэння браніраваных цэлей і абарончых збудаванняў.

Схема зарада для стварэння кумулятыўнага эфекту 1 — металічная абліцоўка кумулятыўнай выемкі; 2 — выбуховае рэчыва; 3 — дэтанатар; 4 — прадукты выбуху; 5 — фронт дэтанацыйнай хвалі; 6 — кумулятыўны струмень.

т. 9, с. 20

КУМУЛЯ́ЦЫЯ

(ад лац. cumulatio павелічэнне, назапашванне),

назапашванне ў арганізме біялагічна актыўнага рэчыва (матэрыяльная К.) або выкліканых ім эфектаў (функцыян. К.). Матэрыяльная К. ўласціва рэчывам, якія запаволена выводзяцца з арганізма ці інактывуюцца ў ім. Паўторнае пападанне іх у арганізм дабаўляецца да той колькасці, якая засталася ад папярэдняга ўвядзення, што можа прывесці да інтаксікацыі. Характэрна для некат. цяжкіх металаў (ртуць), сардэчных, снатворных лекаў і інш. Функцыянальная К. бывае пры паўторным дзеянні рэчываў, якія неабарачальна парушаюць функцыі арганізма (напр., прэпараты свінцу, фосфарарган. злучэнні).

т. 9, с. 20

КУМЫ́,

у беларусаў і інш. слав. народаў хросныя бацькі (кум і кума), дзейныя асобы ў радзіннай абраднасці. У далёкім мінулым К. — выканаўцы рытуалу прыняцця нованароджанага ў род. З пашырэннем хрысціянства — тыя, што прымалі дзіця пасля абраду хрышчэння. У адносінах да дзіцяці яны выконвалі патранажныя функцыі. За К. бралі сваякоў і чужых людзей. У беларусаў разам з бабкай кум і кума адыгрывалі вял. ролю на радзінах. К. памагалі адзін аднаму ў с.-г. работах, адзначалі разам святы. Звычайна К. не мянялі за выключэннем, калі дзеці ў сям’і паміралі, тады за К. бралі маладых брата і сястру ці першых стрэчных раніцай на перакрыжаванні дарог. Традыцыі кумаўства захоўваюцца.

Т.І.Кухаронак.

т. 9, с. 21

КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,

ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.В.Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.

Я.В.Малашэвіч.

т. 9, с. 21