Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУБІЛІ́НСКАС ((Kubilinskas) Костас) (1.7.1923, в. Руда Вілкавішкскага р-на, Літва — 9.3.1962),

літоўскі паэт. Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, п’ес-казак: зб-кі «Парад літар» (1951), «З вярбовай дудачкай», «Казачны домік» (абодва 1957), «Было, было, спрэчак няма» (1958), «Каралева-Жаба» (1962), «Гліняны Матэюкас» і «Ветрагон» (абодва 1963) і інш. Яго творы адметныя глыбокім веданнем псіхалогіі дзіцяці, трапным выкарыстаннем фальклору, пачуццём гумару. У зб-ках паэзіі «Раўніны спяваюць» (выд. 1964), «Смутак па вяршынях» (выд. 1970) пераважаюць элегічныя настроі. Пераклаў на літ. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Вітка, Х.​Жычка, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія Літвы 1959.

т. 8, с. 553

КУБІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава на ПнУ Азербайджана ў 18—19 ст. Сталіца — г. Куба (адсюль назва). Найб. багаты і густанаселены раён Закаўказзя з важнымі гандл. партамі, якія звязвалі яго з Расіяй і Іранам. У 1758—89 на чале К.х. стаяў Фаталі-хан, які аб’яднаў прыкаспійскія землі Азербайджана да г. Ардэбіля на Пд; у 1784 заключыў саюз з груз. царом Іракліем II супраць іранскай агрэсіі. Пасля яго смерці ханства ў пач. 1790-х г. распалася, у 1806 далучана да Расіі.

т. 8, с. 553

КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.​Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Хастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.

Літ.:

Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;

Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;

Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.

т. 8, с. 553

КУБІ́НСКІ КРЫ́ЗІС,

гл. Карыбскі крызіс 1962.

т. 8, с. 553

КУБІ́НЦЫ (саманазва кубанас),

нацыя, асн. насельніцтва Кубы (больш за 10,6 млн. чал.). Жывуць таксама ў ЗША (1 млн. чал.), Венесуэле, Іспаніі і інш. Агульная колькасць 11,7 млн. чал. (1992). Гавораць на кубінскім варыянце ісп. мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 8, с. 553

КУБІ́ЦКІ ((Kubicki) Якуб) (1758, Варшава — 13.6.1833),

польскі архітэктар. Вучыўся ў Д.​Мерліні. З 1781 працаваў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1783—86 наведаў Італію. Пабудовы ў стылі класіцызму 18 ст. адметныя строгасцю аблічча, вытанчанасцю прапорцый: палацы ў Бялачаве (1797—1800), Бейсце (абодва Свентакшыскае ваяв.; 1802), Бельведэр у Варшаве (1818—22), павільёны (1816—18) на вул. Грахоўскай і пл. Уніі ў Варшаве і інш.

Я.Кубіцкі. Бельведэрскі палац у Варшаве. 1818—22.

т. 8, с. 553

КУБІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне 3-й ступені. Агульны выгляд ax​3 + bx​2 + cx + d = 0, дзе a ≠ 0. Рашаецца ў радыкалах з дапамогай Кардана формулы. Тэрмін «К.ў.» ўведзены Р.Дэкартам (1619) і У.​Оўтрэдам (1631).

Першыя спробы рашыць К.ў. зроблены матэматыкамі старажытнасці, напр., задачу, якая зводзіцца да К.ў., разглядаў Архімед.

т. 8, с. 553

КУБІ́ЧНАЯ ПАРА́БАЛА,

плоская алг. крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах y = ax3. Сіметрычная адносна пачатку каардынат, дзе мае пункт перагіну з датычнай y = 0.

Кубічная парабала y = x3.

т. 8, с. 553

Ку́бліцкае ўзвы́шша

т. 8, с. 553

Кублі́цкі Аляксей Аляксандравіч

т. 8, с. 554