Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г. п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),

украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял. Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр. партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.

С.А.Каўпак.

т. 8, с. 185

КАЎПА́К КО́ЛЬЧАТЫ,

грыб, тое, што падбалацянка.

т. 8, с. 185

КАЎПЕ́НЬ,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на З ад г. п. Лоеў, 93 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Рэчыца. 534 ж., 199 двароў (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур і курганны могільнік.

т. 8, с. 185

КАЎПІ́ТА,

рака у Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл. і на мяжы Чачэрскага і Веткаўскага р-наў Гомельскай вобл. з Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 549 км2. Пачынаецца каля паўн.-зах. ускраіны в. Грозны Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў вярхоўі невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. да 1 км. Схілы спадзістыя і адкрытыя, у ніжнім цячэнні сярэднестромкія, парослыя лесам, выш. да 10 м. Пойма двухбаковая, на вялікім працягу нізкая, забалочаная, шыр. да 500 м. Рэчышча на працягу амаль 12 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Шыр. ракі ў межань 6—10 м. Берагі стромкія, выш. да 1 м. Асн. прыток р. Дарагоўша (злева) у Расіі. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 8, с. 185

КА́ЎРА (Caura),

рака ў Венесуэле, правы прыток р. Арынока. Даўж. 745 км, пл. басейна каля 52 тыс. км2. Пачынаецца на Пд цэнтр. ч. Гвіянскага пласкагор’я, перасякае яго, утварае парогі і вадаспады. Паўнаводная з мая да снежня. Сярэдні гадавы расход вады 2700 м³/с. Суднаходная на 150 км ад вусця.

т. 8, с. 185

КАЎРО́Ў,

горад у Расіі, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл., на р. Клязьма. Чыг. вузел, прыстань. Вядомы з 12 ст., горад з 1778. 162 тыс. ж. (1997). Машынабуд. і металаапр. (экскаватары, матацыклы, мапедныя рухавікі, зброя), лёгкая, харч. і буд. матэрыялаў прам-сць. Тэхналагічны ін-т. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гісторыка-арх. і маст. музея-запаведніка. Сабор Раства (1778).

т. 8, с. 185

КАЎРО́Ў (Фёдар Кузьміч) (1912, в. Пасуддзева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 9.7.1937),

Герой Сав. Саюза (1937). З 1931 у Данбасе. У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39 на баку рэспубліканцаў, камандзір танка. Вызначыўся ў баях каля г. Гвадалахара, Тэруэль. Загінуў у баі.

Ф.К.Каўроў.

т. 8, с. 185

КАЎРУ́С (Алесь Аляксандравіч) (н. 18.5.1935, в. Брусы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). З 1965 выкладаў у Мазырскім пед. ін-це. З 1968 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1974 у выд-ве «Народная асвета», з 1981 у Бел. пед. ун-це. Даследуе мову маст. л-ры і сродкаў масавай інфармацыі, бел. тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар кніг «З крыніц народнай мовы» (1968), «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 3-е выд. 1992), «Культура слова» (1983), «Слова наша роднае» (1986), «Мова народа, мова пісьменніка» (1989), «Дакумент па-беларуску» (1994), дапаможніка «Уводзіны ў стараславянскую мову» (1998, з М.М.Круталевічам).

т. 8, с. 185

КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],

гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).

У.Я.Бардон.

т. 8, с. 185

КАЎСТЫ́ЧНАЯ СО́ДА (ад грэч. kaustikos едкі, пякучы),

тэхнічная назва NaOH натрыю гідраксіду.

т. 8, с. 185