Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЧАТКО́Ў (Рыгор Аляксеевіч) (1.2.1904, в. Шмялёўка Цяцюшскага р-на, Татарстан — 15.10.1968),

бел. акцёр. Нар. арт. Узбекістана (1946). Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім драм. т-ры (1924). Працаваў у т-рах Іванава, Ташкента, Валгаграда, Фрунзе, Масквы, Вільнюса і інш. З 1950 у Дзярж. рус. т-ры Беларусі, У 1962—67 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Выконваў драм. і характарныя ролі. Артыстычны густ і мастацтва выкарыстання грыму рабілі яго вобразы натуральнымі і партрэтна завершанымі. Сярод роляў у Дзярж. рус. т-ры Беларусі: Калеснікаў і Карнілаў («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Траян («Пад адным небам» А.Маўзона), Чарнуха («Што пасееш, тое і пажнеш» В.Палескага), Кенг («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Ягор Булычоў, Цыганоў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна), Гадун («Разлом» Б.Лаўранёва), Сілаты («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Фаюнін («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш.

Р.А.Качаткоў.
Р.Качаткоў у ролі Чарнухі.

т. 8, с. 196

КАЧКАНА́РСКАЯ ГРУ́ПА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫХ РАДО́ВІШЧАЎ У Свярдлоўскай вобл. Расіі. Вядома з 18 ст. Гал. радовішчы: Качканарскае і Гусевагорскае. Радовішчы магматычнага паходжання. Разведаныя запасы больш за 12 млрд. т з колькасцю жалеза 17%. Руды змяшчаюць тытан, ванадый. З 1963 распрацоўваецца Гусевагорскае радовішча. Здабыча руды адкрытым спосабам. Абагачэнне мокрай магнітнай сепарацыяй. Колькасць жалеза ў канцэнтраце 61%. 2 кар’еры; ф-кі: абагачальная, агламерацыйная і акамкавання. Асн. прамысл. цэнтр — г. Качканар.

т. 8, с. 196

КАЧКАНО́С (Ornithorhynchus anatinus),

млекакормячае сям. качканосавых атр. аднапраходных. Пашыраны ва Усх. Аўстраліі і на в-ве Тасманія. Жыве па берагах вадаёмаў, на раўнінах і ў гарах да выш. 2 тыс. м. Вядзе паўводны лад жыцця. Ахоўваецца.

Даўж. цела да 45 см, хваста да 15 см. Верх цела чорна-буры, ніз шараваты. Футра густое, мяккае. Галава з плоскай «дзюбай» даўж. каля 6,5 см, з адчувальнай скурай. Зубы ў маладых жывёл; у дарослых — рагавыя пласцінкі. Хвост шырокі, пляскаты. Канечнасці пяціпальцыя, з плавальнай перапонкай. На задніх нагах у самцоў ядавітыя шпоры. Вочы і вушныя адтуліны пры ныранні закрываюцца складкай скуры. Корміцца дробнымі воднымі жывёламі. Самка раз у год адкладвае ў нары 1—2 яйцы.

Качканос.

т. 8, с. 196

КАЧКА́Р,

млекакормячая жывёла, гл. Архар.

т. 8, с. 197

КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),

сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.

Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс. працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).

т. 8, с. 197

Качкоў Уладзімір Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 405

КА́ЧСКІ РАН Вялікі і Малы,

саланчакі на З Індыі і ў Пакістане, на ПдУ ад дэльты р. Інд. Пл. больш за 20 тыс. км2. Даўж. з У на З больш за 300 км, шыр. 40—80 км. Плоская нізінная паверхня (выш. да 200 м), укрытая чорным глеем з плямамі солей, з асобнымі ўзвышшамі (выш. да 465 м) і пясчанымі ўзгоркамі. У час летняга мусону саланчакі заліваюцца водамі мора і рэк Банас і Луні.

т. 8, с. 197

КАЧУБЕ́Й (Васіль Лявонцьевіч) (1640, Украіна — 25.7.1708),

украінскі ваен. і дзярж. дзеяч. Пры гетмане Мазепе на вышэйшых пасадах у Гетманскім урадзе: ген. пісар (1687—99), ген. суддзя (1699—1708). Удзельнік Азоўскіх паходаў (1695—96). Паведаміў Пятру I пра тайныя перагаворы Мазепы са швед. каралём Карлам XII і польскім каралём Станіславам Ляшчынскім. Уцёк у Расію, але Пётр I, давяраючы гетману, выдаў яго Мазепе разам з палк. І.І.Іскрай. Пасля катаванняў пакараны смерцю. Калі стала вядома аб здрадзе Мазепы, К. і Іскра былі пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 197

КАЧУБІ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (3.11.1845, Кішынёў — 26.6.1907),

расійскі філолаг-славіст, гісторык. Д-р слав. філалогіі, праф. (1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1867). З 1871 выкладаў слав. філалогію ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Праводзіў ідэю яднання славян і культ.-гіст. місіі Расіі. Асуджаў палітыку царызму 1815—40-х г., накіраваную на задушэнне нац.-вызв. руху, у т.л. славян, аднак быў супраць паўстання 1863—64, бо, на яго думку, палякі — «парушальнікі славянскага міру». Навук. працы: «Да пытання пра ўзаемаадносіны славянскіх гаворак» (т. 1—2, 1877—78), «Вынікі славянскай і рускай філалогіі» (1882) пра ўзаемасувязі слав. моў і культур і «Тэрыторыя дагістарычнай Літвы» (1897), прысвечаная пытанням этн. гісторыі беларусаў і літоўцаў.

Дз.У.Караў.

т. 8, с. 197

КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),

сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл. Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл. Лебедзі), чэрнець белавокая (гл. Чэрнеці).

Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.

т. 8, с. 197