КАХО́ЎКА,
горад на Украіне, раённы цэнтр у Херсонскай вобл., на беразе Кахоўскага вадасх. на р. Дняпро. Засн. ў 1783, горад з 1938. 42,2 тыс. ж. (1998). Прыстань. Чыг. станцыя (10 км ад горада). Машынабуд. і металаапр., харч. прам-сць; вытв-сць жалезабетонных вырабаў. Музей гісторыі горада. У 1920 у раёне К. спынена наступленне войск П.М.Урангеля (Кахоўскі плацдарм).
т. 8, с. 190
КАХО́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
на р. Дняпро, у Херсонскай, Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях Украіны. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1955—58. Пл. 2155 км2, аб’ём 18,2 км3, даўж. 230 км, найб. шыр. 25 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 3,3 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства, арашэння і водазабеспячэння (з вадасховішча пачынаецца Паўночна-Крымскі канал), рыбнай гаспадаркі і рэкрэацыі. На берагах К.в. гарады: Запарожжа, Нікапаль, Новая Кахоўка, Кахоўка, Берыслаў, Каменка-Дняпроўская.
т. 8, с. 191
КАХО́ЎСКІ (Пётр Рыгоравіч) (1799, Смаленская губ. — 25.7.1826),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. Паручнік у адстаўцы (1821). У 1816—19 на дзеючай вайск. службе. Са снеж. 1824 у Пецярбургу. З пач. 1825 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, выступаў за ліквідацыю самаўладства, знішчэнне царскай сям’і і ўстанаўленне рэсп. ладу ў Расіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы планаў паўстання. 14.12.1825 на Сенацкай плошчы заклікаў салдат не прысягаць Мікалаю I, забіў пецярбургскага ген.-губернатара М.А.Міларадавіча, параніў 2 афіцэраў. 15.12.1825 арыштаваны, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пісьмах, напісаных у зняволенні, абгрунтаваў свае паліт. погляды і даў крытычны аналіз тагачаснага дзярж. ладу Расіі. Павешаны паводле прыгавору Вярх. суда.
т. 8, с. 191
КАХУ́Л, Кагул (Cahul),
горад, раённы цэнтр у Малдове, каля р. Прут. Засн. ў 1835 пад наз. Кагул. 44,3 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Вінаробныя, кансервавыя, масларобныя і інш. з-ды; вытв-сць жалезабетонных вырабаў. Гісторыка-краязнаўчы музей, карцінная галерэя. Тэатр.
т. 8, с. 191