Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЯССМЕ́РТНІК,

гл. Цмен.

т. 3, с. 419

БЯССМЕ́РТНІКІ,

гл. Сухацветы.

т. 3, с. 419

БЯССМЕ́РТНЫ (Аркадзь Львовіч) (2.5.1893, г. Сураж Бранскай вобл., Расія — 3.9.1955),

бел. скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1939). Праф. (1946). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1917). Адзін з арганізатараў першай на Беларусі нар. кансерваторыі (Віцебск, 1918), дырэктар Бел. муз. тэхнікума (з 1924), заг. кафедры Бел. кансерваторыі (1932—55). Удзельнік (1-я скрыпка) Дзяржаўнага смыковага квартэта БССР. Кіраваў канцэртамі сімф. аркестраў муз. тэхнікума, Бел. радыёцэнтра, кансерваторыі. Выступаў як скрыпач-саліст, выкананне вызначалася выразнасцю, адухоўленасцю, тэхн. свабодай.

В.​П.​Пракапцова.

т. 3, с. 419

БЯССО́НАЎ (Пётр Аляксеевіч) (16.6.1828, Масква — 6.3.1898),

рускі гісторык л-ры, фалькларыст, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1879 праф. Харкаўскага ун-та. Выдаў зборнік балгарскіх песень (1855), песень, паданняў і вусных апавяданняў сербаў (1857), песень-літанняў старцаў («Калікі вандроўныя», вып. 1—6, 1861—64; разам з рус. ўвайшлі і бел. творы). У 1864—67 узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, бліжэй пазнаёміўся з бел. гісторыяй, культурай, фальклорам. Падрыхтаваў і выдаў «Песні, сабраныя П.​В.​Кірэеўскім» (вып. 1—10, 1860—74), «Беларускія песні» (1874). У апошні зборнік увайшлі каляндарна-абрадавыя нар. песні — валачобныя, юраўскія, мікольскія, куставыя, купальскія, пятроўскія, калядныя і масленічныя. Падзяляў погляды міфалагічнай школы.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 89—98.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 419

БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія,

парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.

т. 3, с. 419

БЯССПРЭ́ЧНАЕ СПАГНА́ННЕ,

у цывільным праве прымусовае спагнанне запазычанасці ў бясспрэчным парадку без звароту ў суд ці іншы орган, які вырашае маёмасныя спрэчкі. Бясспрэчнае спагнанне з юрыд. асоб ажыццяўляецца на падставе распараджэнняў правамоцных органаў і выканаўчых дакументаў спісаннем грашовых сум з адпаведных рахункаў у банках; з грамадзян (нявернутыя пазыкі, нявыплачаная кватэрная плата, камунальныя плацяжы і інш.) — па выканаўчым надпісе натарыята. У Рэспубліцы Беларусь дапускаецца толькі ў выпадках, прама прадугледжаных законам.

т. 3, с. 419

БЯССЦЁКАВАЕ ВО́ЗЕРА возера, якое не мае паверхневага і падземнага сцёку. Найчасцей трапляецца ў абласцях унутранага сцёку стэпавай і паўпустынных зон і ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты. Расход вады ідзе праз выпарэнне, таму ў засушлівым клімаце ў бяссцёкавым возеры назапашваюцца мінер. солі. Прамысл. здабыча кухоннай солі вядзецца ў азёрах Эльтон і Баскунчак, соды ў Даронінскім воз. (Расія), мірабіліту ў Салёным воз. (ЗША) і інш.

т. 3, с. 419

БЯССЦЁКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

гл. Вобласць унутранага сцёку.

т. 3, с. 419

БЯССЦЁКАВАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

тэхналагічны працэс, пры якім у навакольнае асяроддзе не паступаюць сцёкавыя воды. Ажыццяўляецца арганізацыяй водаабароту — лакальнай ачысткі забруджанай вады і яе вяртання ў тэхнал. працэс або выкарыстання ў іншых мэтах. Гл. таксама Абаротнае водазабеспячэнне.

т. 3, с. 419

БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,

басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).

т. 3, с. 419