БЯРО́ЗАВІК,
бел. традыцыйны напітак з бярозавага соку. У бочку з сокам дабаўляюць прарошчаны і падпрэжаны ячмень або сухары, часам крыху цукру ці мёду, ставяць яе ў цёмнае халаднаватае месца ці закопваюць у зямлю на 4—6 тыдняў. Пашыраны амаль на ўсёй тэр. Беларусі.
т. 3, с. 409
БЯРО́ЗАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Пінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на З ад Пінска, 155 км ад Брэста, 9 км ад чыг. ст. Малоткавічы, на аўтадарозе Гомель—Брэст. 738 ж., 309 двароў (1995). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом адвентыстаў 7-га дня. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1878).
т. 3, с. 409
БЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́ , бярэзнікі, драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (В. pubescentis); агульная плошча Бл. больш за 1 млн. га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).
Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападэоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.
Д.С.Голад.
т. 3, с. 409
БЯРО́ЗАЎКА,
Бярэжвіца, рака ў Беларусі, у Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 721 км². Пачынаецца з воз. Падлужнае, цячэ праз г. Глыбокае ў межах Свянцянскіх градаў, далей па Полацкай нізіне. Упадае ў Дзісну за 4 км ніжэй ад г. п. Шаркаўшчына. Асн. прытокі: Аржаніца і Маргва (злева), Дабрылаўка і Стуканаўка (справа).
Даліна да ўпадзення Маргвы трапецападобная, на астатнім працягу вузкая, шыр. 500—3000 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 50—500 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 1 км у верхнім цячэнні і 1,5 км каля в. Юльянова Шаркаўшчынскага р-на.
т. 3, с. 410
БЯРО́ЗАЎКА,
рака ў Беларусі, у Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Дняпра. Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 230 км². Пачынаецца паміж вёскамі Забор’е і Бярозаўка, вадазбор на Аршанска-Магілёўскай раўніне.
т. 3, с. 410
БЯРО́ЗАЎКА,
горад у Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. За 1,5 км ад р. Нёман, за 28 км ад Ліды, 7 км ад чыг. ст. Нёман на лініі Ліда—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Лідай і Навагрудкам. 12,8 тыс. ж. (1996). Шклозавод «Нёман». Магіла сав. ваеннапалонных.
У мінулым вёска Лідскага пав. Віленскай губ., побач з якой у 1883 памешчык З.Ленскі пабудаваў гуту, што пазней стала шклозаводам «Нёман». З 1921 у складзе Польшчы, вёска Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Навагрудскім р-не, цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі. З 15.5.1959 рабочы пасёлак Навагрудскага, з 1962 Лідскага р-наў, э 24.6.1968 — гар. пасёлак, з 21.9.1990 горад.
т. 3, с. 410
БЯРО́ЗАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Глускім р-не Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. п. Глуск, 184 км ад Магілёва, 13 км ад чыг. ст. Ратміравічы. 382 ж., 104 двары (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
т. 3, с. 410
БЯРО́ЗАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 39 км на ПдУ ад г. Калінкавічы, 161 км ад Гомеля. 460 ж., 215 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 3, с. 410