Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯЗЗЛІ́ТКАВАЯ ПРАКА́ТКА,

атрыманне металічных пруткоў, загатовак, лістоў ці стужак з вадкага металу, які заліваецца ў зазор паміж гарыз. валкамі, што круцяцца ў розныя бакі. Пры бяззліткавай пракатцы ў адным працэсе спалучаюцца ліццё, крышталізацыя і дэфармацыя металу. Найбольш пашырана бяззліткавая пракатка сталі (гл. Бесперапыннае ліццё металаў і сплаваў).

т. 3, с. 393

БЯЗЗУ́БАЎ Валянцін Іванавіч

(н. 12.4.1939, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1992). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1963). З 1967 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па біятэхніі і заатэхніі гадоўлі свіней, праектаванні свінагадоўчых прадпрыемстваў, праблемах энергазберагальнай і экалагічна чыстай вытв-сці.

Тв.:

Производство свинины на мелких и средних фермах. Мн., 1986 (у сааўт.).

т. 3, с. 393

БЯЗЗУ́БКІ,

анадонты (Anodonta), род прэснаводных малюскаў кл. двухстворкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў: бяззубка звычайная (А. cygnea cygnea, найб. пашыраная), бяззубка выцягнутая (А. cygnea cellensis), бяззубка рыбіна (А. cygnea piscinalis), бяззубка качыная (А. cygnea anatina), бяззубка вузкая (Peeudanodonta complanata).

Ракавіна (даўж. да 20 см) з дзвюх авальных створак, злучаных эластычнай звязкай. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва). Рухаюцца з дапамогай клінападобнай нагі. Орган дыхання — шчэлепы. Біяфільтраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі) і прымацоўваюцца да покрыва ў шчэлепах рыб, дзе да пераўтварэння ў дарослую асобіну вядуць паразітычны спосаб жыцця. Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы. Корм для с.-г. Жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прам-сці.

т. 3, с. 394

БЯЗЗУ́БЫЯ КІТЫ́,

вусатыя кіты (Mysticeti), падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 3 сям.: гладкія кіты (Balaenidae), шэрыя кіты (Eschrichtiidae), паласацікавыя (Balaenopteridae). 10—11 відаў. Найб. вядомыя блакітны кіт, сейвал, фінвал, грэнландскі (палярны) кіт, паўднёвы, шэры, малы паласацік, гарбач. Пашыраны ў Сусветным акіяне. Мігрыруюць.

Даўж. да 33 м, маса да 160 т. Самкі большыя за самцоў. Зубы закладваюцца, але рассыпаюцца ў зародку; замест іх у верхняй сківіцы развіваюцца рагавыя пласціны (180—400 пар), вядомыя пад назвай кітовы вус. Праз яго кіт адцэджвае з вады дробных жывёлін (малюскаў, ракападобных, дробную рыбу), якімі корміцца. Нешматлікія. Колькасць скарачаецца. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў.

т. 3, с. 394

БЯЗЛЮ́ДАЎ Артур Іосіфавіч

(28.4.1934, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.1.1996),

дзярж. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1963). З 1955 на з-дзе «Чырвоны барацьбіт» у Оршы. У 1957—70 на парт. і камсамольскай рабоце. У 1973—86 міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. З 1994 рэктар Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі і недзярж. ін-та дзелавога адміністравання. Даследаваў праблемы аптымізацыі сістэм кіравання капітальнага буд-ва і гар. гаспадаркі. Дэп. Вярх. Савета Беларусі ў 1975—85.

Тв.:

Стимулирование эффективности и качества труда в ремонтно-строительном производстве. Мн., 1976;

Слагаемые эффективности: Соц.-экон. очерк. Мн., 1982;

Жилищно-коммунальное хозяйство: Проблемы управления. М., 1990.

В.І.Пепяляеў.

т. 3, с. 394

БЯЗЛЮ́ДНЫ Мікалай Мікітавіч

(н. 20.2.1931, с. Ядуты Барзнянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1985). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1960). З 1960 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях фосфарнага і азотнага абмену ў раслінах, праблеме пераўтварэння азотных угнаенняў у глебах Беларусі, вытв-сці экалагічна чыстай раслінаводчай прадукцыі. Распрацаваў тэхналогіі выкарыстання азотных угнаенняў пад збожжавыя культуры ў комплексе з інш. сродкамі хімізацыі.

т. 3, с. 394

БЯЗМЕ́Н,

1) даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з нанесенай шкалой і рухомым пунктам апоры (пятлёй). На адным канцы меў місачку або кручок, дзе клалі або падвешвалі груз, другі, патоўшчаны канец, служыў гірай. Карысталіся бязменам звычайна для вызначэння масы (вагі) прадуктаў. Часам бязменам называюць спружынную ручную вагу.

2) Даўняя адзінка масы. У 16—17 ст. 1 бязмен = 240 залатнікам = 1,022 кг.

т. 3, с. 394

БЯЗНІ́ТАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

цераз дымнае змацаванне тканін, скуры, плёнак і інш. матэрыялаў без выкарыстання нітак. Робіцца з дапамогай клейкіх рэчываў (з адначасовым уздзеяннем ціску і тэмпературы, выкарыстаннем прэсаў, прасаў і інш.), зваркі (робіцца пераважна тэрмакантактнай, высокачастотнай або ультрагукавой зваркай на зварачных апаратах і ўстаноўках), спец. бязнітачных швейных машын. Выкарыстоўваюць бязнітачнае злучэнне пры вырабе адзення, абутку, скураной галантарэі.

т. 3, с. 394

БЯЗРО́ДНЫ Ігар Сямёнавіч

(н. 7.5.1930, Тбілісі),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (праф. з 1972). У 1970 дэбютаваў у Маскве як дырыжор. Выступае як саліст і ансамбліст. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Я.Кубеліка (Прага, 1949), імя І.С.Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 394

БЯЗРУ́КАЎ Панцеляймон Кандратавіч

(15.2.1909, Масква — 1981),

савецкі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (1968). З 1946 у Ін-це акіяналогіі АН СССР. Працы па марской геалогіі і тэорыі асадканамнажэння ў акіянах. Кіраўнік марскіх экспедыцый на н.-д. судне «Віцязь». Вывучаў донныя адклады мораў Д. Усходу, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Тв.:

Донные отложения Охотского мори // Тр. Ин-та океанологии АН СССР. 1960. Т. 32;

Зональность и неравномерность осадконакопления в океане // Проблемы современной географии. М., 1964.

т. 3, с. 394