БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т
(БНК),
Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ. дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел. паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел. сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-ва бел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
т. 2, с. 453
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Рэгенсбургу, грамадская арганізацыя ў Германіі ў 1945—50, якая займалася культ.-асв., дабрачыннай дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў. Створаны ў жн. 1945 у амер. акупац. зоне для прадстаўніцтва бел. пасляваен. эміграцыі. У снеж. 1945 БНК дамогся спынення прымусовай рэпатрыяцыі беларусаў і правоў на арг-цыю бел. нац. лагераў для перамешчаных асоб (былі створаны ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Розенгайме, Остэргофене, Ватэнштэце, Мітэнвальдзе і інш.). БНК супрацоўнічаў з амер. акупац. ўладамі, К-там Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні (ЮНРРА), з інш. нац. камітэтамі па аказанні дабрачыннай дапамогі былым вязням, інвалідам, сіротам. Па ініцыятыве БНК у вер. 1945 у бел. лагерах былі адчынены 2 школы, у снеж. 1945 — першая бел. гімназія на чужыне (гл. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы). Дзейнасць БНК спынена ў выніку масавага ад’езду з Германіі бел. эмігрантаў.
Т.А.Папоўская.
т. 2, с. 454
БУХА́РСКАЯ НАРО́ДНАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА
(БНСР),
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1920—24. Утворана на тэр. Бухарскага эмірата ў выніку перамогі нар. паўстання (2.9.1920), падтрыманага Чырв. Арміяй. 14 вер. сфарміраваны вышэйшыя органы ўлады — Усебухарскі рэўком і Савет нар. назіраў (камісараў). 8 кастр. на 1-м Усебухарскім курултаі (з’ездзе) нар. прадстаўнікоў абвешчана БНСР. 4.3.1921 паміж РСФСР і БНСР падпісаны саюзны дагавор і эканам. пагадненне. Канстытуцыя БНСР 1921 заканадаўча замацавала пераход улады ў рукі Саветаў нар. дэпутатаў; яе адметная рыса — прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю і асн. прылады працы і сродкі вытв-сці. У 1920—23 на тэр. БНСР разгарнуўся антысав. рух (гл. Басмацтва), пад кантролем басмачоў знаходзілася значная частка тэр. рэспублікі. 19.9.1924 БНСР пераўтворана ў Бухарскую ССР, ліквідаваную 24.10.1924. Яе тэр. ўвайшла ў склад Узб. ССР, Туркм. ССР і Тадж. ССР.
т. 3, с. 363