Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСЭ́Н ((Cassin) Рэнэ Самюэль) (5.10.1887, г. Баёна, Францыя — 20.2.1976),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Д-р права (1914). Скончыў Парыжскі ун-т. У 1920—60 праф. права ун-таў Экс-ан-Праванса, Ліля, Парыжа. У 1924—38 прадстаўнік Францыі ў Лізе нацый. У 1941—43 камісар юстыцыі і асветы ва ўрадзе «Свабоднай Францыі» (з 1942 «Змагарная Францыя», знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане). У 1944—60 віцэ-прэзідэнт Дзярж. савета і чл. Канстытуцыйнага савета, чл. Акадэміі грамадскіх навук (з 1947). У 1946—68 чл., старшыня Камісіі па правах чалавека ААН. Адзін з заснавальнікаў ЮНЕСКА. Адзін з ініцыятараў стварэння і гал. аўтар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (снеж. 1948). У 1950—60 чл. Міжнар. суда ў Гаазе, у 1965—68 старшыня Еўрап. суда па правах чалавека. Засн. (1969) і ўзначаліў Міжнар. ін-т правоў чалавека ў Страсбуры, прэзідэнт Яўр. альянсу ў Францыі. Аўтар мемуараў, кніг і артыкулаў на юрыд. тэмы. Нобелеўская прэмія міру 1968.

Л.М.Драбовіч.

Р.Касэн.

т. 8, с. 167

КАСЯ́К (Іван Іванавіч) (1909, в. Горы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.3.1989),

бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це, скончыў політэхн. ін-т у Львове (1941). Са жн. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, з кастр. 1941 заг. аддзела культуры Мінскага акр. аддзела Бел. нар. самапомачы. У 1944 акруговы намеснік Бел. цэнтр. рады (БЦР) у Глыбокім. Чл. Бел. навук. т-ва. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Бел. аўтакефальнай правасл. царквы. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса ў Мінску (чэрв. 1944), потым выехаў у Германію, з канца 1940-х у ЗША. Удзельнічаў у працы БЦР у эміграцыі, старшыня Бел. кангрэсавага к-та Амерыкі (1957—89). Супрацоўнічаў з час. «Беларуская думка», бел. рэліг.-грамадскім цэнтрам у Саўт-Рыверы. Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі.

Тв.:

З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;

Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993 (разам з Я.Найдзюком).

т. 8, с. 167

КАСЯНЧУ́К (Пётр Якаўлевіч) (25.4.1902, в. Буда-Валчкоўская Палескага р-на Кіеўскай вобл. — 21.1.1945),

поўны кавалер ордэна Славы. Беларус. З 1930 працаваў у саўгасе «Ялава» Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., 2-м Бел. франтах, камандзір сапёрнага аддзялення. Вызначыўся 20.2.1944 (зрабіў для разведчыкаў праход у мінным полі) і 21.1.1945, калі пад варожым агнём група сапёраў на чале з К. пабудавала пераправу для палка. К. быў смяротна паранены.

т. 8, с. 167

КАТАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. katabolē скіданне, разбурэнне),

дысіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць раскладанне ў ім уласных і тых, што паступілі з ежай (кормам), складаных арган. рэчываў на больш простыя. Непарыўна звязаны з анабалізмам і абменам энергіі ў арганізме. Суправаджаецца паступовым вызваленнем назапашанай у хім. сувязях буйных малекул энергіі, якая выкарыстоўваецца ў арганізме на сінтэз новых арган. злучэнняў, забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці (скарачэнне мышцаў, правядзенне нерв. імпульсаў, падтрыманне т-ры пела, асматычнага ціску і інш.) або назапашваецца ў форме багатых энергіяй фасфатных сувязей, пераважна адэназінфосфарнай кіслаты (гл. Акісленне біялагічнае). Цэнтр. месца ў К. займаюць гліколіз, браджэнне і працэс дыхання. Асн. канчатковыя яго прадукты — вуглякіслы газ, вада, аміяк, мачавіна, малочная кіслата. Як правіла, К. забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў. Шэраг прамежкавых прадуктаў, якія пры гэтым утвараюцца (напр. ацэтылкаэнзім А), звязваюць К. і анабалізм у адзінае цэлае, абумоўліваюць іх узаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць. У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі К. акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біялагічна актыўныя злучэнні, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Паталагічнае павышэнне ўзроўню К. выяўляецца схудненнем, дыстрафіяй і інш. знешнімі прыкметамі і станам арганізма. Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, здольныя павышаць ці паніжаць інтэнсіўнасць К., выкарыстоўваюць як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.

Літ.:

Гл. пры арт. Абмен рэчываў.

Я.В.Малашэвіч.

т. 8, с. 168

КАТАВІ́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Katowickie),

былая адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. З 1999 тэр. у складзе Шлёнскага ваяводства.

т. 8, с. 168

КАТАВІ́ЦЫ (Katowice),

горад на Пд Польшчы, цэнтр Верхнесілезскай агламерацыі (аб’ядноўвае каля 20 гарадоў). Вядомы з 1598. 369 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Каменнавугальныя шахты; чорная і каляровая металургія; разнастайнае машынабудаванне, харч., фарфора-фаянсавая, паліграф. прам-сць. Ун-т, мед., эканам., фіз. выхавання, муз. акадэміі. Вышэйшая духоўная семінарыя. Філіял Польскай АН. Філармонія. Тэатры. Паблізу, на г. Св. Ганны — помнік сілезскім паўстанцам 1919—21.

т. 8, с. 168

КАТАГЕНЕ́З (ад грэч. kata уніз + ...генез),

кірунак эвалюцыі, які прыводзіць да агульнага недаразвіцця і спрашчэння будовы арганізма дадзенай групы. Звязаны з пераходам у спрошчанае экалагічнае асяроддзе (напр., сядзячы спосаб жыцця, паразітызм і інш.). Прыводзіць да агульнага зніжэння морфафізіял. арганізацыі, дэзінтэграцыі, дэгенерацыі і рэдукцыі некат. органаў і іх сістэм (катамарфоз). Абумоўлены экалагічнымі і генет. аспектамі рэгрэсіўнай эвалюцыі. Напр., групы, якія зведалі К.: абалоннікі, імшанкі, калаўроткі, падводныя кветкавыя расліны, тлі, чарвяцы.

т. 8, с. 168

КАТА́ЕЎ (Валянцін Пятровіч) (28.1.1897, г. Адэса, Украіна — 12.4.1986),

расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Брат Я.П.Пятрова (гл. Ільф І. і Пятроў Я.). У 1955—61 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Востраў Эрэндорф», «Уладар жалеза» (абодва 1924), сатыр. аповесці «Растратчыкі» (1926, аднайм. п’еса 1928), камедыі «Квадратура круга» (1928), рамана-хронікі «Час, наперад!» (1932). У тэтралогіі «Хвалі Чорнага мора» (аповесці «Бялее ветразь адзінокі», 1936, «Хутарок у стэпе», 1956, «Зімовы вецер», 1960—61, «Катакомбы», 1949, 2-я рэд. 1951) героіка-рэв. тэма, імкненне паказаць гісторыю праз лёс чалавека. За аповесць «Сын палка» (1945, аднайм. кінафільм 1946) Дзярж. прэмія СССР 1946. Аўтар лірыка-філас. мемуарных твораў «Святы калодзеж» (1966), «Трава забыцця» (1967), «Кубік» (1969), «Алмазны мой вянец» (1979), «Ужо напісаны Вертэр» (1980). У «Юнацкім рамане майго старэйшага сябра Сашы Пчолкіна, расказаным ім самім» (1982), апавяданнях і нарысах «Пад Смаргонню», «Нашы будні», «Пісьмы адтуль» і інш. паказаны падзеі 1-й сусв. вайны на Беларусі. Аўтар нарысаў «Па Заходняй Беларусі» (1939). Творы К. вызначаюцца спалучэннем гераічнай патэтыкі і сатыры, лірыкі і гумару. Яго п’есы ставіліся на бел. сцэне (першая — «Авангард», 1930, БДТ-2). Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Н.Тарас, У.Краўчанка, Л.Салавей.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1983—86;

Бел. пер. — Сон: Апавяданне. Мн., 1938;

Я, сын працоўнага народа. Мн., 1938;

Сын палка. Мн., 1947;

Бялее ветразь адзінокі. Мн., 1949.

Літ.:

Скорино Л. Писатель и его время: Жизнь и творчество В.П. Катаева. М., 1965;

Галанов Б.Е. Валентин Катаев: Очерк творчества. М., 1982.

Л.В.Календа.

т. 8, с. 168

КАТА́ЕЎ (Віталь Віталевіч) (н. 23.12.1925, г. Кіраў, Расія),

бел. і расійскі дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956), з 1971 выкладае ў ёй (з 1992 праф.). З 1956 дырыжор сімф. аркестра Карэльскага радыё і муз. кіраўнік фінскага драм. т-ра, з 1960 выкладчык Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1962—71 гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Беларусі, адначасова педагог Бел. кансерваторыі. Сярод твораў, выкананых на Беларусі ўпершыню пад яго кіраўніцтвам: 8-я і 13-я сімфоніі Дз.Шастаковіча, «Вясна свяшчэнная» і «Сімфонія псалмоў» І.Стравінскага, опера «Разумніца» К.Орфа, 10-я сімфонія і «Песня аб зямлі» Г.Малера, «Ваенны рэквіем» Б.Брытэна, сцэн. араторыя «Жанна д’Арк на кастры» А.Анегера. Інтэрпрэтаваў сімфоніі Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Я.Глебава, Дз.Смольскага, кантату «Беларускія песні» і канцэрт для кантрабаса з арк. А.Багатырова, вак.-сімф. паэму «Попел» С.Картэса і інш. творы бел. кампазітараў.

Дз.М.Жураўлёў.

т. 8, с. 168

КА́ТАКА, Катак,

горад на У Індыі, каля дэльты р. Маханады, у штаце Арыса. 486 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Рачны порт. Гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна. Тэкст. і харч. прадпрыемствы. Мастацкая разьба па косці, рогу, серабры. Ун-т.

т. 8, с. 168