Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛО́НКА,

рака ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл. і Польшчы, правы прыток р. Нараў (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 34 км (у т. л. ў межах Беларусі 29 км). Пл. вадазбору 247 км². Пачынаецца каля в. Сакольнікі. Каналізавана каля 17 км рэчышча. У ніжнім цячэнні наз. Калона.

т. 7, с. 481

КАЛОНЛІ́ЧБА (ад франц. colonne слупок + лічба),

парадкавы нумар старонкі выдання (кнігі, часопіса, газеты), які змяшчаецца звычайна ў верхняй ці ніжняй ч. старонкі, найчасцей на вонкавым рагу.

т. 7, с. 481

КАЛОНТЫ́ТУЛ (ад франц. colonne слупок + лац. titulus надпіс, загаловак),

загаловачныя звесткі (назва твора, часткі, раздзела, параграфа), якія змяшчаюцца звычайна над тэкстам старонкі (кнігі, часопіса, газеты). У энцыклапедычных выданнях і слоўніках, навук. і навуч. л-ры са складанай будовай тэксту К. замяняе змест (пералік падзагалоўкаў, раздзелаў), аблягчае пошук патрэбнага матэрыялу. У часопісах у К. звычайна пазначаюць прозвішча аўтара і назву твора, у газетах — загаловак, дату выпуску і парадкавы нумар газеты.

т. 7, с. 481

КАЛО́НЫ (лац. coloni),

1) у Старажытным Рыме катэгорыя землекарыстальнікаў — дробных арандатараў зямлі. За права апрацоўваць арандаваны ўчастак К. выплачвалі землеўладальніку грашовую арэнду ці выконвалі на яго карысць натуральныя павіннасці (гл. Каланат).

2) У раннім сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе адна з катэгорый феадальна-залежных сялян.

т. 7, с. 481

КАЛО́РЫЯ (ад лац. calor цяпло),

пазасістэмная адзінка колькасці цеплаты. Абазначаецца кал, 1 кал = 4,1868 Дж, тэрмахім. К. роўная 4,1840 Дж. Пасля ўвядзення Міжнар. сістэмы адзінак (СІ) заменена джоўлем.

т. 7, с. 481

КАЛО́С (ад грэч. kolossos вялікая статуя),

1) велізарная бронзавая статуя стараж.-грэч. бога Сонца Геліяса, пастаўленая ў гавані в-ва Родас і разбураная землетрасеннем у 227 да н.э. 2) Хто-н. ці што-н. выдатнае, найвялікшае па сваёй велічыні або значнасці (напр., К. навукі — выдатны вучоны).

3) К. н а гліняных нагах — што-н. агромністае, велізарнае, з выгляду велічнае, аднак унутрана слабое, няўстойлівае, нетрывалае, гатовае разваліцца.

т. 7, с. 481

«КАЛО́ССЕ»,

заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.Шкялёнак (рэдактар), Я.Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.Арсеннева, В.Багдановіч, М.Васілёк, А.Луцкевіч, М.Машара, У.Самойла, М.Танк, В.Таўлай, Р.Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.Скарыну, Б.Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.Шаляпіна, Ш.Руставелі, М.Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.

У.А.Калеснік.

Вокладка часопіса «Калоссе». 1935.

т. 7, с. 481

КАЛО́ЧЫН,

2 гарадзішчы і селішча жал. веку каля в. Калочын Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча-1 і селішча — калочынскай культуры. Гарадзішча-сховішча было ўмацавана па перыметры драўлянай агароджай і 2 падковападобнымі валамі. Датуецца канцом 4 — пач. 9 ст., трапляюцца і больш раннія матэрыялы мілаградскай і зарубінецкай культуры. На селішчы выяўлены 2 паўзямлянкі. Гарадзішча-2 адносіцца да мілаградскай культуры. 3 боку поля ўмацавана 2 валамі і ровам паміж імі.

Міхаіл Лашанкоў, Георгій Штыхаў.

Гліняныя пасудзіны з гарадзішча-1 Калочын.

т. 7, с. 481

КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в. Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, ЭА.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.

Алег Макушнікаў.

т. 7, с. 481

Калоша Уладзімір Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 399