Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІГ-БЭ́НД

(Big Bend),

нацыянальны парк у ЗША, у «вял. лукавіне» р. Рыо-Грандэ, штат Тэхас; біясферны рэзерват. Засн. ў 1935. Пл. 287 тыс. га. Ландшафты горных (выш. ад 500 да 2388 м) і нізінных пустыняў з сукулентамі (агава, кактусы, апунцыя і інш.), зараснікі хмызняку і ўчасткі лесу. У складзе фауны — пекары, чарнахвосты алень, пума. Аб’ект турызму.

т. 3, с. 146

БІДЖАПУ́Р,

феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.

т. 3, с. 147

БІ́ДЛ

(Beadle) Джордж Уэлс (22.10.1903, Уаху, штат Небраска, ЗША — 9.6.1989),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Небраскі (1926) і Корнелскі (1931) ун-ты. З 1931 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1936 у Гарвардскім ун-це. З 1937 праф. Станфардскага ун-та, у 1946—61 — Каліфарнійскага тэхнал. ін-та, да 1968 прэзідэнт Чыкагскага ун-та. Навук. працы па біяхім. генетыцы. Адзін з аўтараў (1941) фундаментальнай канцэпцыі: «адзін ген — адзін фермент» (кожны ген адказвае за сінтэз толькі аднаго фермента). Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Э.Тэйтэмам і Дж.Ледэрбергам).

т. 3, с. 147

БІ́ДСТРУП

(Bidstrup) Херлуф (10.9.1912, Берлін — 1988),

дацкі мастак-карыкатурыст. Ганаровы чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1931—35). Аўтар серый гумарыстычных і сатыр. рысункаў на быт. тэмы і паліт. карыкатур. Вострыя, выразныя рысункі часта складаюць цэласнае выяўленчае апавяданне. Серыйныя рысункі мастака неаднаразова выдаваліся асобнымі альбомамі ў Даніі і інш. краінах. Стварыў таксама серыі замалёвак з паездак па Чэхаславакіі (1948, 1952), СССР (1952) і інш. краінах.

Тв.:

Рус. пер. — Рисунки. Т. 1—4. 2 изд. М., 1969—70.

Літ.:

Херлуф Бидструп: Избранное: Полит. карикатуры...: [Пер. с дат.]. 2 изд. М., 1982.

т. 3, с. 147

БІДЫСТЫЛЯ́Т,

дыстыляваная вада, атрыманая падвойнай перагонкай звычайнай вады.

т. 3, с. 147

БІ́ДЭР

(Ішувук) Герман (н. 21.10.1941, Маркерсдорф, Аўстрыя),

аўстрыйскі славіст. Д-р філасофіі (1970), з 1986 д-р габілітаваны. Скончыў Венскі ун-т (1970). З 1971 у Зальцбургскім ун-це. Даследуе сінхронную і дыяхронную лінгвістыку, моўныя кантакты, гісторыю мовы, моўную палітыку: «Нямецкія словаўтваральныя элементы ў славянскіх мовах» (т. 1—2, 1985) і інш. Непасрэдна бел. тэматыцы прысвечаны артыкулы «Літоўскі статут 1529 г.» (1973), «Літоўскі статут 1588 г.» (1974), «Першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры» (1991), «Моўная сітуацыя ў Беларусі» (1993). Прачытаў у Зальцбургскім ун-це курс лекцый «Беларуская мова для русістаў» (1982).

Тв.:

Sprachenpolitische Tendenzen in Weissrussland. Vien, 1995.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 3, с. 147

БІ́ДЭРМЕЕР , бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier), кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.Ф.Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.П.Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.

Літ.:

Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.

т. 3, с. 147

БІЕЗБА́РДЗІС,

Безбард (Biesbārdis) Каспар Каспаравіч (8.12.1806, воласць Слока, Латвія — 12.9.1886), латышскі публіцыст і грамадскі дзеяч; адзін з лідэраў руху младалатышоў. Вучыўся ў Дэрпцкім ун-це (г. Тарту). Аўтар першага філас. артыкула на лат. мове. Выступаў супраць ням. засілля ў Прыбалтыцы, за сац. правы латышоў-сялян, за самабытнае развіццё лат. культуры. Пераклаў на лат. мову творы Ф.Шылера, Вергілія, Сафокла.

Б.Гудрыке.

т. 3, с. 148

БІЕНА́ЛЕ

(ад італьян. biennale двухгадовы),

мерапрыемства (маст. выстаўка або фестываль, звычайна міжнародны), якое праводзіцца рэгулярна, раз у 2 гады. Старэйшае біенале — выстаўка сучаснага мастацтва ў Венецыі (з 1895). Праводзяцца біенале: сучаснага мастацтва (з 1951) і архітэктуры (з 1957) у Сан-Паўлу, жывапісу ў Токіо (з 1951), мастацтва ў Александрыі (з 1955), «маладых» у Парыжы (з 1959), экслібрыса ў Мальбарку (з 1965), плаката ў Варшаве (з 1966), прыкладной графікі ў Брно (з 1966) і інш.

т. 3, с. 148

БІЕ́ШУ Марыя Лук’янаўна

(н. 5.5.1934, с. Валанціраўка Сувораўскага р-на, Малдова),

малдаўская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Кішынёўскую кансерваторыю (1961), з 1980 выкладае ў ёй. З 1961 салістка Малд. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя П.І.Чайкоўскага (Масква, 1966), імя Муіры Тамакі (Токіо, 1967). Дзярж. прэмія Малдовы 1968, Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1982.

т. 3, с. 148