Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСЦЮКЕ́ВІЧ (Мікалай Ігнатавіч) (9.5.1904, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 9.12.1978),

бел. вучоны ў галіне метэаралогіі. Д-р с.-г. н. (1961), праф. (1962). Скончыў БСГА (1928). З 1957 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па гідралагічнай ролі лясоў, лясной метэаралогіі, ахове прыроды.

Тв.:

Роль леса в воздействии на климат и микроклимат // Вопросы лесного хозяйства, лесной и химической промышленности. Мн., 1967;

Атмосферный воздух и охрана его от загрязнения (разам з А.Х.Шклярам) // Охрана природы. Мн., 1969;

Лесная метеорология. 2 изд. Мн., 1975.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВА (Вольга Іванаўна) (н. 28.1.1954, Мінск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыла БДУ (1976). З 1980 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання. Распрацавала адаптыўны метад лінейнага і квадратычнага праграмавання; канструктыўныя метады пабудовы кіравання тыпу адваротнай сувязі; апорныя метады рашэння нелінейных задач аптымальнага кіравання.

Тв.:

Конструктивные методы оптимизации. Ч. 3—4. Мн., 1986—87 (у сааўт.);

Исследование решений семейства линейных задач оптимального управления, зависящих от параметра // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, № 2.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1973 у г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Адкрыты ў 1975. Мае 3 экспазіц. залы (пл. экспазіцыі 335 м²), больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Сярод матэрыялаў археал. знаходкі (прылады працы 3—1-га тыс. да н.э., косці шарсцістага насарога, зуб маманта), нумізматычныя калекцыі 17—20 ст., старадрукі (мінеі 1754 і 1799), матэрыялы пра абарону Касцюковіч у 1941, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, нар. паэта Беларусі А.Куляшова, пісьменнікаў В.Хомчанкі, І.Чыгрынава, А.Русецкага, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, творы жывапісу бел. мастака А.Бархаткова, прадметы побыту, узоры прыкладнога мастацтва, матэрыялы пра вёскі, пакінутыя ў забруджанай зоне пасля Чарнобыльскай катастрофы.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЦКІ РАЁН.

На У Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,5 тыс. км2. Нас. 32,7 тыс. чал. (1998), гарадскога 53,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Касцюковічы; 143 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Баронькаўскі, Беладубраўскі, Бялынкавіцкі, Дзямідавіцкі, Забычанскі, Пралетарскі, Сялецкі. Зах. і паўд.-зах. ч. раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС уваходзяць у зону радыяцыйнага кантролю, адселены 28 нас. пунктаў.

Раён у межах паўд.-ўсх. ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня хвалістая. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,6 м (на Пн ад в. Пралетарская). Карысныя выкапні: торф, цэм. мергель і мел, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. З ПнУ на ПдЗ працякае р. Беседзь з прытокамі Сураў, Жадунька (з Крупянкай і Крупняй), Дзяражня, Алешня, Чарняўка, Трасцянка, Зубар (з Грэбляй), Машоўка, Свінка. Возера Святое. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (35,2%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (48,5%). Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, дубовыя, займаюць 30,1% тэр. раёна, з іх 26,7% штучныя, у асноўным хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 8,5% тэрыторыі. Зона адпачынку Трасцянка Помнікі прыроды: крыніцы ў в. Сцюдзянец і Тупічын, парк у в. Цеханічы. Заказнікі: гідралагічны «Мохі», біял. «Панькаўскі».

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 55,8 тыс. га, з іх асушаных 12,4 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства; пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў (цэмент), метала- і дрэваапр. прам-сці. Праходзіць чыг. Орша—Унеча, аўтадарогі на Клімавічы, Краснаполле, Хоцімск, Чэрыкаў, Сураж. Адгалінаванне нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 5 базавых, 4 пачатковыя, дзіцяча-юнацкая спарт., маст. школы, 23 дашкольныя ўстановы, 28 клубаў, 29 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 5 амбулаторый, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Свята-Пакроўская (1863) у в. Гаўрыленка; царква (19—20 ст.) у в. Забычанне; царква (2-я пал. 19 ст.), касцёл (19—20 ст.) і бровар (1914) у в. Канічы, Свята-Троіцкая царква (1842) у в. Саматэвічы. Выдаецца газ. «Голас Касцюкоўшчыны».

Г.С.Смалякоў.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЦКІ ЦЭМЕ́НТНЫ ЗАВО́Д, Беларускі цэментны завод. Размешчаны ў г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1987. Першая тэхнал. лінія магутнасцю 1,2 млн. т/год пушчана 11.9.1996. Завод уключае 22 цэхі, кар’ераўпраўленне, фірмы «Цэмбудрамонт» і «Цэментгандаль». Працуе на сыравіне мясц. радовішча мергелю «Камунарскае» (балансавыя запасы 335,75 млн. т). Вытв-сць цэменту вядзецца сухім спосабам. Асн. прадукцыя (1998): партландцэмент высокіх марак: ПЦм — 500 ДО, ПЦм — 550 ДО, ПЦм — 500 Д20, ПЦм — 600 ДО. Прадукцыя рэалізуецца на Беларусі.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЧ (Пётр Іванавіч) (16.8.1923, в. Казекі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 11.2.1982),

поўны кавалер ордэна Славы. Працаваў у калгасе. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір мінамётнага разліку сяржант К. вызначыўся: у чэрв. 1944 пры вызваленні Магілёва, у жн. 1944 пры авалоданні крэпасцю Асовец (Польшча), у сак. 1945 у баях за Гданьск і выхад да Балт. мора. Пасля вайны жыў у Оршы, працаваў на льнокамбінаце.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЧ (Пётр Мікалаевіч) (22.11.1937, в. Вяляцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гідрагеолаг. Д-р тэхн. н. (1997), праф. (1998). Скончыў Маскоўскі ун-т.(1960). З 1993 у БПА. Навук. працы па дынаміцы падземных вод, тэорыі і метадалогіі атрымання зыходнай інфармацыі аб ваданосных пластах і ўзбуральных свідравінах.

Тв.:

Гидрологические основы вертикального дренажа. Мн., 1979.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЧ (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 12.12.1923, г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1955), праф. (1984). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў БПІ (1949). З 1949 у БПА (у 1979—84 прарэктар). Навук. працы па тэхналогіі машына- і прыладабудавання, метралогіі і стандартызацыі, навук.-метадычным забеспячэнні праектавання і вытв-сці спец. тэхнал. абсталявання. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Точность обработки глубоких отверстий. Мн., 1978 (разам з Э.М.Дзечкам, У.І.Далговым).

Б.Дз.Далгатовіч.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЧ (Фёдар Трафімавіч) (1.3.1902, в. Боркі Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лясной і сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г, н. (1966), праф. (1967). Скончыў БСГА (1928). У 1967—81 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па пытаннях эканомікі лясной і сельскай гаспадаркі, размяшчэння дрэвавых парод, пра ролю лесу і асаблівасці шматгадовых насаджэнняў у сістэме земляробства, ахоўныя лесанасаджэнні.

Тв.:

Вопросы экономики и планирования сельскохозяйственного производства. Мн., 1960.

т. 8, с. 162

КАСЦЮКО́ВІЧЫ,

горад, цэнтр Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. За 160 км на ПдУ ад Магілёва. Чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча, вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле. 17,4 тыс. ж. (1998).

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з канца 16 ст. як дзярж. ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Клімавіцкім пав. Беларускай, з 1796 — Магілёўскай губ. Маёнтак К. належаў У.Цеханавецкаму. У 1886 цэнтр воласці, 620 ж., 122 двары, вінакурны завод, царк.-прыходскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, бальніца, аптэка, 8 гарбарняў, млын, 94 крамы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897—700 ж., каля 340 двароў. У 1924 перададзены з РСФСР у БССР, цэнтр Касцюковіцкага раёна. У 1933—3,1 тыс. ж., працавалі гантарэзня, пеньказавод, маслазавод і цагельны з-д. З 27.9.1938 горад. У 1939—6,1 тыс. ж., лесапільны з-д, электрастанцыя, прадпрыемства па вырабе шпал і брусоў. З 14.8.1941 да 28.9.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў К. і раёне загубілі 846 чал. У 1959 у К. 8,1 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў (Касцюковіцкі цэментны завод), харч. прам-сці. Ільнозавод. Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.

Горад Касцюковічы. Забудова вуліцы Ленінскай.

т. 8, с. 162