Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,

узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс. чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.

Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс. чал. Да канца жн.пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага зезда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв. к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦК РСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн. прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал. паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.

Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв. к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.

Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.

Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;

Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ. М., 1993;

Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;

Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;

Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;

Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;

Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;

Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;

Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;

Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;

Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;

Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ. М., 1990;

Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ. М., 1989;

Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.

Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.
Да арт. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.

т. 8, с. 156

КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ УСЕРАСІ́ЙСКАЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СТА́ЧКА 1905,

адзін з этапаў рэвалюцыі 1905—07. Пачалася 20 кастр. забастоўкай рабочых Маскоўска-Казанскай чыгункі. Па закліку Усерас. чыг. саюза на працягу 10 дзён быў спынены рух на чыгунках Расіі, што садзейнічала зліццю шматлікіх агульнагар. забастовак ва ўсерас. стачку. Удзельнічала каля 2 млн. чал. Праходзіла пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакр. рэспублікі. Арганізатары і кіраўнікі выступленняў — агульнагар. выбраныя стачачныя к-ты (у Пецярбургу, Маскве, інш. прамысл. цэнтрах яны наз. Саветамі рабочых дэпутатаў). Яны выступалі як органы ўлады і абапіраліся на баявыя дружыны. Стачка паралізавала дзейнасць урада. Цар Мікалай II вымушаны быў выдаць Маніфест (гл. Маніфест 17 кастрычніка 1905). На чыгунках Беларусі 23—25 кастр. спыніўся рух цягнікоў. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя, вучнёўская моладзь. Да 31 кастр. стачка ахапіла многія гарады, мястэчкі, чыг. станцыі, у т.л. Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск, Оршу, Пінск, Полацк, Слуцк, Смаргонь, Горкі, Копысь, Баранавічы і інш. Суправаджалася дэманстрацыямі і мітынгамі з заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Месцамі адбыліся сутычкі з паліцыяй і войскамі. У Гомелі 27 кастр. пры разгоне дэманстрацыі ахвярамі сталі 7 чал., у Віцебску 31 кастр. забіта 7 чал. Пахаванне ахвяр вылілася ў 40-тысячны мітынг. У Мінску 31 кастр. расстраляны 20-тысячны мітынг (гл. Курлоўскі расстрэл 1905). Выступленнямі на буйных прадпрыемствах і чыг. вузлах кіравалі выбарныя стачачныя к-ты, агульнагар. забастоўкамі, мітынгамі, дэманстрацыямі — кааліцыйныя саветы і к-ты, якія складаліся з прадстаўнікоў найб. уплывовых мясц. арг-цый (РСДРП, Бунд, Чыгуначны саюз). У Брэсце і Гродне, дзе да канца 1905 не было арг-цый РСДРП, рухам кіравалі мясц. к-ты Бунда і Польск. сацыяліст. партыі ў Літве. На Беларусі стачка ахапіла 32 нас. пункты. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. чал. Паліт. рух працоўных у кастр. 1905 ахапіў 53 гарады і мястэчкі Беларусі (удзельнічала 223 тыс. чал.). На Беларусі стачка спынілася да 7 ліст.

У.Г.Філякоў.

т. 8, с. 157

КАСТУМБРЫ́ЗМ (ісп. costumbrismo ад costumbre нораў, звычай),

кірунак у літаратуры і выяўл. мастацтве Іспаніі і Лац. Амерыкі 19 ст. Узнік з цікавасці рамантыкаў да нар. побыту, стаў паваротам да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці. Перадаваў уздым нац. самасвядомасці, імкненне да выяўлення асаблівасцей нар. жыцця, часта з ідэалізацыяй патрыярхальных нораваў і звычаяў. У літаратуры распрацоўваў пераважна жанр нарыса, развіваўся ў рамане, драматургіі, паэзіі. Прадстаўнікі ісп. К.: С.Міньяна (крытычныя нарысы «Лісты прастадушнага гультая», 1820), Р. дэ Месанера Раманас, М.Х. дэ Лара, С.Эстэбанес Кальдэрон, Х.Самоса, С.Лопес Пелегрын, М.Лафуэнтэ-і-Самальёа і інш. У 1843 пісьменнікі-кастумбрысты апублікавалі калектыўны зб. «Іспанцы, якія стварылі вобраз саміх сябе». У Лац. Амерыцы ўзнік у 1840-я г.: Х.Х.Вальеха (Чылі), X. дэ Дзьёс Рэстрэпа, Т.Караскілья (Калумбія), Ф.Парда-і-Альяга, Р.Пальма (Перу), Х.Б.Маралес, М.Пайна, Г.Прыета (Мексіка). У выяўленчым мастацтве развіваўся ў графіцы і жывапісе краін Лац. Амерыкі. У яго аснове — імкненне да дакумент. дакладнага адлюстравання прыроды, характэрных рыс і маляўнічых асаблівасцей нар. жыцця і побыту, часта звязанае з навук. вывучэннем краіны. Часам этнагр. матывы ператвараліся ў ідылічныя жанравыя сцэны. Школы кастумбрыстаў склаліся на Кубе (В.П. дэ Ландалусе, Ф.Міяле), Калумбіі (Р.Торэс Мендэс), Аргенціне (К.Марэль), Уругваі (Х.М.Беснес-і-Ірыгоен), Чылі (М.А.Кара), Мексіцы (Х.А.Ар’ета) і інш.

т. 8, с. 158

КАСТШЭ́ЎСКІ ((Kostrzewski) Юзаф) (25.2.1885, мяст. Венглева, Пазнанскага ваяв., Польшча — 19.10.1969),

польскі археолаг, гісторык археалогіі, музеязнавец. Акад. Польскай АН (1957). Праф. Пазнанскага ун-та (1919—56), дырэктар музея Велікапольшчы ў Познані (1924—58), заснавальнік пазнанскай школы археалогіі. Займаўся вывучэннем лужыцкай культуры (раскопкі Біскупінскага гарадзішча) і слав. старажытнасцей больш позняга часу (раскопкі ў Гнезне, Познані, на Памор’і, Сілезіі і У Малой Польшчы). Значная частка даследаванняў прысвечана аўтахтоннасці славян у міжрэччы Одэра і Эльбы. Быў рэдактарам навук. выданняў «Przegląd Archeologiczny» («Археалагічны агляд»), «Z otchłani wieków» («З глыбінь стагоддзяў») і інш.

т. 8, с. 158

КАСТЫ́ЛІЯ (Castilla ад castello замак),

дзяржава ў цэнтр. ч. Пірэнейскага п-ва ў 11—15 ст. З 923 графства ў складзе каралеўства Леон, з 1035 каралеўства са сталіцай у г. Бургас. Стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва (сталіца — г. Таледа), калі аб’ядналася з Леонам (1037—65, 1072—1157, канчаткова ў 1230). Адыграла вядучую ролю ў Рэканкісце, пашырыла сваю тэрыторыю да паўд. ўзбярэжжа. У выніку перамяшчэння насельніцтва з Пн на Пд на працягу 11—13 ст. заселены Новая Кастылія, Эстрэмадура і б.ч. Андалусіі. Гараджане з сярэдзіны 13 ст. атрымалі доступ у картэсы. Імкненне феадалаў запрыгоніць сялян выклікала шэраг сял. хваляванняў у 15 ст. У выніку дынастычнай уніі К. і Арагона ў 1479 увайшла ў склад Іспаніі.

т. 8, с. 158

КАСТЫ́ЛІЯ-ЛА-МА́НЧА (Castilla-La Mancha),

аўтаномная вобласць у цэнтр. ч. Іспаніі. Пл. 79,2 тыс. км2. Нас. 1,7 млн. чал. (1991). Уключае правінцыі: Альбасетэ, Сьюдад-Рэаль, Куэнка, Гвадалахара, Таледа. Адм. ц.г. Таледа. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Альбасетэ, Гвадалахара, Сьюдад-Рэаль. Займае паўд. ч. пласкагор’я Месета (выш. 600—800 м). На ўскраінах: Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, Сьера-Марэна і інш. горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. рэкі: Таха, Гвадыяна, Хукар. Натуральная расліннасць — хмызнякі тыпу маквіс, у гарах участкі шыракалістых і хвойных лясоў. Найб. развіта арашальнае земляробства і горназдабыўная прам-сць. Гал. с.-г. культуры: вінаград, пшаніца, ячмень, цукр. буракі, тытунь, алівы. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Здабыча ртутных (Альмадэн), марганцавых, медных, жал., свінцовых руд, каменнага вугалю. Развіта харч. (у т.л. вінаробчая), металаапр., керамічная, хім., нафтаперапр., прам-сць. Паблізу г. Гвадалахара АЭС. Развіты турызм.

т. 8, с. 158

КАСТЫ́ЛІЯ-ЛЕО́Н (Castilla-Leon),

аўтаномная вобласць у цэнтр. ч. Іспаніі. Пл. 94,2 тыс. км2. Нас. 2,5 млн. чал. (1991). Уключае правінцыі: Авіла, Бургас, Леон, Паленсія, Саламанка, Сеговія, Сорыя, Вальядалід, Самора. Адм. ц.г. Вальядалід. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Саламанка, Бургас, Леон. Займае паўн.-зах. ч. пласкагор’я Месета (выш. 800—1200 м). На ўскраінах Іберыйскія, Кантабрыйскія і Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. р. — Дуэра. Пераважае расліннасць сухіх стэпаў. У гарах участкі лясоў з хвоі, дубу, каштану, хмызнякі, лугі. Найб. развіта арашальнае земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, агародніну, тытунь. Садоўніцтва, вінаградарства, вырошчванне аліваў. Малочнамясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Здабыча каменнага вугалю, жал. і цынкавых руд. Прам-сць: харч. (у т.л. вінаробчая), гарбарна-абутковая, металургічная, маш.-буд., металаапр., тэкст., хімічная. У г. Вальядаліду — выплаўка алюмінію і аўтамаб. з-д, вытв-сць угнаенняў. ГЭС на горных рэках. Каля г. Бургас АЭС. Турызм.

т. 8, с. 158

КАСТЫЛЬЁНЕ ((Castiglione) Бальдасарэ) (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),

італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.

т. 8, с. 158

КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),

сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.

Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым. ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.

На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.

Літ.:

Ткачев М.А Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.А.Ткачоў.

т. 8, с. 158

КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159