Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЁРНЕ

(Börne) Людвіг (6.5.1786, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 12.2.1837),

нямецкі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі. Д-р філасофіі (1808). У 1818—21 выдаваў час. «Die Wage. Blätter für Bürgerleben, Wissenschaft und Kultur» («Вагі. Часопіс грамадскага жыцця, навукі і мастацтва»); у 1836 наладзіў яго выданне на франц. мове («La balance»). У артыкулах і памфлетах выступаў з крытыкай ням. філістэрства, патрабаваннямі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, свабоды слова і друку, верацярпімасці. У памфлеце «Манаграфія нямецкага паштовага смаўжа. Матэрыялы да натуральнай гісторыі малюскаў і ракападобных» (1821) высмеяў ляноту і пакорлівасць ням. абывацеля. Вяршыня публіцыстыкі — «Парыжскія пісьмы» (1832—34), у якіх стварыў шырокую панараму жыцця паслярэв. Францыі. Памфлет «Менцэль-французаед» (1837) скіраваны супраць ксенафобіі і шавінізму.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. СПб., 1896.

Літ.:

Тронская М.Л. Берне // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 136

БЁРНЕТ

(Burnet) Фрэнк Макфарлейн (3.9.1899, г. Траралган, Аўстралія — 31.8.1985),

аўстралійскі вірусолаг і імунолаг. Чл. Аўстралійскай АН. Скончыў Мельбурнскі ун-т (1923). З 1924 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне (у 1944—65 дырэктар), адначасова ў 1944—65 праф. Мельбурнскага ун-та. Прэзідэнт Аўстралійскай АН (1965). Апісаў узбуджальніка ку-ліхаманкі. Навук. працы па экалогіі вірусаў, механізмах аўтаімунных хвароб. Адзін з аўтараў т.зв. кланальна-селекцыйнай тэорыі імунітэту. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з П.Б.Медаварам).

т. 3, с. 137

БЁРНС

(Burns) Роберт (25.1.1759, Алаўэй, каля г. Эйр, Шатландыя — 21.7.1796),

шатландскі паэт. Першы зб. «Вершы, напісаныя пераважна на шатландскім дыялекце» (т.зв. «Кільмарнакскі зборнік», 1786). Пачынаў у рэчышчы сентыменталізму (паэма «Суботні вечар ласяляніна»), пазней палітра ўзбагацілася рысамі асветніцкага рэалізму і прэрамантызму. У лірыцы Бёрнса зліваюцца народна-песенная шатландская культура і традыцыі англ. асветніцкай л-ры, арганічна спалучаюцца фалькл. спадчына і дух высокай кніжнай паэзіі. Ён яскрава адлюстраваў не толькі побыт шатландскага сялянства (верш «Быў чэсны фермер бацька мой...»), але ўвасобіў неўміручы нар. дух (балада «Джон Ячменнае Зерне»), выявіў глыбіню пачуццяў простага чалавека (вершы «Каханне», «Начлег у дарозе» і інш.), выступіў з крытыкай сац., нац. і клерыкальнага прыгнёту (паэмы «Два пастухі», 1784; «Малітва святошы Вілі», 1785; вершы «Брус — да шатландцаў», «Шатландская слава», «За тых, хто далёка...», «Чэсная беднасць», «Дрэва Свабоды» і інш.). Мяккі гумар і задушэўны лірызм спалучаюцца ў яго паэзіі са злой іроніяй і сарказмам (асабліва ў эпіграмах). Аўтар поліфанічнай кантаты «Вясёлыя жабракі», вершаванай аповесці «Тэм О’Шэнтар». Збіраў і апрацоўваў шатландскія нар. песні для фалькл. зб-каў «Шатландскі музычны музей» (1787—1803), «Выбраны збор арыгінальных шатландскіх мелодый» (1793). Многія вершы Бёрнса сталі нар. песнямі. На бел. мову яго творы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Шатландская слава: Выбр. Мн., 1957;

Вам слова, Джон Ячмень. Мн., 1983;

Рус. пер. — Роберт Бернс в переводах С.Маршака. Кн. 1—2. М., 1979;

Избранное. М., 1982.

Літ.:

Райт-Ковалева Р.Я. Роберт Бернс. М., 1965;

Елистратова Л.А. Роберт Бернс. 3 изд. М., 1965;

Колесников Б.И. Роберт Бернс: Очерк жизни и творчества. М., 1967;

Венок Роберту Бернсу. М., 1964.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 137

Б’ЁРНСАН

(Bjørnson) Б’ёрнстэрнеМарцініус (8.12.1832, Квікне, Нарвегія — 26.4.1910),

нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв. нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял. жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.

Тв.:

Бел. пер. — Бялявая нарвежка // Наша слова. 1993. № 34;

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—12. Киев;

Харьков, 1893—97;

Избранное. М., 1959;

Пьесы. Л.; М., 1961.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 3, с. 137

БЁРН-ДЖО́НС

(Burne-Jones) Эдуард Колі (28.8.1833, г. Бірмінгем, Вялікабрытанія — 17.6.1898),

англійскі мастак, майстар дэкар.-прыкладнога мастацтва. Прадстаўнік прэрафаэлітаў. У 1859 і 1862 працаваў у Італіі. Зазнаў уплыў Д.Г.Расеці. Звяртаўся да стылізацыі ў духу італьян. кватрачэнта. Яго дэкар. кампазіцыі 1870—90-х г. на рэлігійныя і легендарныя сюжэты («Залатая лесвіца», «Кароль Кафетуа і жабрачка», «Любоў сярод руін») адметныя трохі манерным, гнуткім лінейным рытмам, цягай да арнаментальнасці, рысамі рамантычнай усхваляванасці і ідэалізацыі. Выкананыя ім для майстэрняў У.Морыса ілюстрацыі (да «Збору Джэфры Чосера», 1896, разам з Морысам), эскізы габеленаў, мазаік, вітражоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва спрыялі адраджэнню англ. маст. Рамёстваў.

т. 3, с. 136

БЁРТАН,

Бартан (Burton; сапр. Джэнкінс; Jenkins) Рычард (10.11.1925, г. Суонсі, Вялікабрытанія — 5.8.1984), англійскі акцёр. Вучыўся ў Оксфардзе. На сцэне з 1941. Вядомы як выканаўца роляў у п’есах У.Шэкспіра ў Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры і т-ры «Олд-Вік». З 1949 у кіно. У 1966 разам з жонкай Э.Тэйлар заснаваў кінакампанію «Тэйбёр». Праславіўся ў ролі Джымі Портэра — маладога бунтара супраць маральных і сац. асноў грамадства ў фільме «Азірніся ў гневе». Сярод інш. фільмаў: «Клеапатра», «Хто баіцца Вірджыніі Вульф?», «Утаймаванне свавольніцы», «1984».

т. 3, с. 137

Бёрш Даніэл

т. 18, кн. 1, с. 352

БЖАЗІ́НСКІ

(Бжэскі) Адам (1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.

Г.І.Барышаў.

т. 3, с. 137

БЖАЗІ́НСКІ

(Brzezinski) Збігнеў (н. 28.3.1928, Варшава),

амерыканскі сацыёлаг, палітолаг і дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Мак-Гіла ў Манрэалі (Канада, 1949) і Гарвардскі ун-т (1953). У 1977—81 нам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. З 1981 праф. Калумбійскага ун-та і дарадчык Цэнтра стратэг. і міжнар. даследаванняў Джорджтаўнскага ун-та (Вашынгтон). У працы «Паміж двух вякоў. Роля Амерыкі ў тэхнатронную эру» (1970) распрацаваў адзін з варыянтаў тэорыі «пост-індустрыяльнага грамадства», паводле якога новы этап развіцця чалавецтва вызначаецца яго эвалюцыйным пераходам ад ніжэйшай стадыі (аграрнай) да «тэхнатроннай эры» і якаснымі зменамі ў сац.-паліт. і эканам. адносінах. Даследуе сац.-філас. аспекты паходжання, праяўленняў і шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва (глабалістыка). Адзін са стваральнікаў тэорыі таталітарызму. Упершыню сфармуляваў гіпотэзу пра распад камуніст. сістэмы ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, даў характарыстыку спецыфікі пераходу былых сацыяліст. краін ад таталітарнай мадэлі развіцця да цывілізаванага грамадства, якое абапіраецца на прынцыпы дэмакратыі і рыначнай эканомікі («Палітычная ўлада: ЗША/СССР», 1964; «Вялікі крах: зараджэнне і смерць камунізму ў XX ст.», 1989, і інш.). Бжазінскі лічыць, што ў новых абставінах ключавымі момантамі ў дзейнасці Захаду павінны стаць палітыка стрымлівання і пашырэнне дэмакр. ўплыву, уключэнне краін Усх. Еўропы ў НАТО, супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з Расіяй, садзейнічанне новым незалежным дзяржавам б. СССР у захаванні рэальнага суверэнітэту.

Тв.:

Totalitarian dictatorship and autocracy. Cambridge, 1956 (разам з К.І.Фрыдрых);

Strategy of game. Boston;

New York, 1986.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 3, с. 138

БЖАСТО́ЎСКІ Ігнацы

(1823—75),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. З роду Бжастоўскіх. Вучыўся ў Мінску і Маскве, атрымаў юрыд. адукацыю. Працаваў старшынёй палаты крымінальнага суда ў Магілёве. У маі 1862 удзельнічаў у з’ездзе «белых» у Вільні як прадстаўнік Магілёўскай губ. У час паўстання чл. грамадз. камісіі ў Сенненскім пав., магілёўскі паўстанцкі ваявода. Распаўсюджваў сярод сялян нелегальную л-ру на бел. і польск. мовах. У канцы 1863 арыштаваны, пасля следства сасланы ў Енісейскую губ., там і памёр.

т. 3, с. 138