БЁРНЕ

(Börne) Людвіг (6.5.1786, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 12.2.1837),

нямецкі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі. Д-р філасофіі (1808). У 1818—21 выдаваў час. «Die Wage. Blätter für Bürgerleben, Wissenschaft und Kultur» («Вагі. Часопіс грамадскага жыцця, навукі і мастацтва»); у 1836 наладзіў яго выданне на франц. мове («La balance»). У артыкулах і памфлетах выступаў з крытыкай ням. філістэрства, патрабаваннямі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, свабоды слова і друку, верацярпімасці. У памфлеце «Манаграфія нямецкага паштовага смаўжа. Матэрыялы да натуральнай гісторыі малюскаў і ракападобных» (1821) высмеяў ляноту і пакорлівасць ням. абывацеля. Вяршыня публіцыстыкі — «Парыжскія пісьмы» (1832—34), у якіх стварыў шырокую панараму жыцця паслярэв. Францыі. Памфлет «Менцэль-французаед» (1837) скіраваны супраць ксенафобіі і шавінізму.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. СПб., 1896.

Літ.:

Тронская М.Л. Берне // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)