Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕТЭЛЬГЕ́ЙЗЕ,

а Арыёна, пераменная чырвоная зорка нулявой зорнай велічыні ў сузор’і Арыёна; зорказвышгігант. Мае радыус, роўны 850 радыусаў Сонца.

т. 3, с. 132

БЕТ-ШЭА́Н,

старажытны горад у Паўн. Палесціне (сучасны Бейсан, Ізраіль). Стараж. паселішча ўзнікла ў 5—4-м тыс. да н.э. У 2—1-м тыс. да н.э. належаў ханаанеям, быў важным іх гандл. і культ. цэнтрам. Археал. раскопкамі выяўлены магутныя ўмацаванні, некалькі егіпецкіх храмаў, вял. колькасць пахаванняў, егіпецкіх рэчаў, выявы, пахавальныя маскі, падобныя на мікенскія. На пач. н.э. быў буйным цэнтрам вытворчасці і продажу тканін. З 2 ст. н.э. добра захаваўся рымскі амфітэатр.

т. 3, с. 131

БЕТ-ШЭ́МЕШ,

старажытны горад у Паўд. Палесціне, на З ад Іерусаліма (сучасны Аін-Шэмш, Ізраіль). Узнік у 3-м тыс. да н.э. Упамінаецца ў егіпецкіх крыніцах з 18 ст. да н.э. (т.зв. тэксты праклёну). У выніку войнаў неаднаразова разбураны. Быў заняты ханаанеямі, філісцімлянамі, ізраільцянамі. Пасля захопу Вавілонам у 6 ст. да н.э. прыйшоў у заняпад. Археал. раскопкамі выяўлена абсталяванне для ліцця бронзы, шмат жал. вырабаў, пасудзін, прывезеных з Егіпта і раёна Эгейскага мора.

т. 3, с. 131

БЕЎК

(Bevk) Францэ (17.9.1890, Закойца, каля г. Цэркна, Славенія — 17.9.1970),

славенскі пісьменнік. Чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1953). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў Горыцы (1913). Друкаваўся з 1906. Вядомасць прынеслі творы, прысвечаныя жыццю славенцаў у розныя эпохі: трылогія «Знакі на небе» (1927—29), раманы «Чалавек супраць чалавека», «Бог Трыглаў, які памірае» (абодва 1930), «Чарадзей» (1931), «Жалезная гадзюка» (1932), «Каплан Марцін Чадэрмац» (1938), «І сонца садзілася» (1963); зб-кі паэзіі «Вершы» (1921), навел «Новая ніва» (1940), «Навелы» (1947), «Расправа» (1950), аповесці «Смерць перад домам» (1925), «Хата ў даліне» (1927), «Сцяг на ветры» (1928), «Крыўда» (1929), «Чужая кроў» (1954), «З іскры пажар» (1963).

Тв.:

Izbrani spisi. Sv. 1—12. Ljubljana, 1951—65;

Izbrano delo. Sv. 1—3. Ljubljana, 1969;

Рус. пер. — Тончек. М., 1964;

Сундук с серебром: Избр. произв. М., 1990.

І.А.Чарота.

т. 3, с. 132

Б’ЕФ

(франц. bief),

частка вадаёма, ракі або канала, размешчаная каля воданапорнага збудавання (плаціны, шлюза) вышэй па цячэнні (верхні б’еф) або ніжэй (ніжні б’еф).

т. 3, с. 132

БЕХАІ́ЗМ,

гл. Бахаізм.

т. 3, с. 132

БЕ́ХЕР

(Becher) Іаганес Роберт (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел. пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш. бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.Гартным, П.Галавачом, М.Чаротам, К.Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.Бузук, С.Дзяргай, М.Дуброўскі, А.Зарыцкі, А.Звонак, А.Клышка, Я.Семяжон. Нац. прэмія імя І.В.Гётэ 1949, 1950.

Тв.:

Бел. пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;

[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;

Вяртанне да сябе. Мн., 1985;

Рус. пер. — Сонеты. М., 1960;

Стихотворения;

Прощание;

Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;

Избранное. М., 1974;

О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.

Літ.:

Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;

Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;

Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;

Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.Чарот і І.Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.

А.С.Шаўчэнка.

т. 3, с. 132

БЕХЗА́Д Кемаледдзін

(1450-я г., г. Герат, Афганістан — 1535 ці 1536),

мініяцюрыст, прадстаўнік герацкай школы мініяцюры. Вучыўся ў Гераце. Майстар вытанчаных па малюнку і гучных па колеры, то экспрэсіўных, то лірычных шматфігурных дынамічных кампазіцый і партрэтаў. Сярод работ: мініяцюры рукапісу «Зафар-намэ» Шараф-эд-дзіна Алі Іездзі (каля 1494), ілюстрацыі да паэмы «Бустан» Саадзі (1487—88), да рукапісаў «Хамсе» Нізамі (мініяцюры 1493—94), партрэт Султана-Хусейна Байкара (1480-я г.) і інш.

т. 3, с. 132

БЕХІСТУ́Н

(Behistun),

Бізітун, скала ў Іране паміж гарадамі Керманшах (цяпер Бахтаран) і Хамадан з клінапіснымі надпісамі і барэльефам, у якіх адлюстравана гісторыя перамог цара персаў Дарыя І і стварэння дзяржавы Ахеменідаў. Надпісы зроблены ў 516 да н.э. па загадзе Дарыя. Яны выкананы на З мовах (стараж.-персідскай, эламскай і вавілонскай), на барэльефе — выявы Дарыя, яго заступніка бога Ахурамазды і палонных ворагаў. Надпісы далі ключ для расшыфроўкі эламскага і вавілонскага клінапісаў.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 132

БЕ́ХЦЕРАЎ Уладзімір Міхайлавіч

(1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),

расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.

Літ.:

Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.

т. 3, с. 132