БЕ́ХЦЕРАЎ Уладзімір Міхайлавіч

(1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),

расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.

Літ.:

Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)