Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСЕ́КАНС [новалац. cosecans ад co(mplementi) secans секанс дапаўнення],

адна з трыганаметрычных функцый; абазначаецца cosec. К. вострага вугла прамавугольнага трохвугольніка — дзель гіпатэнузы на катэт, які ляжыць насупраць дадзенага вугла.

т. 8, с. 140

КА́СЕЛЬ (Kassel),

горад у цэнтры Германіі, на р. Фульда, зямля Гесен. Засн. ў 10 ст. 193 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (лакаматывы, вагоны, аўтамабілі), інструментальная, хім. (у т. л. вытв-сць хім. валокнаў), эл.-тэхн., тэкст., харч., паліграфічная. Арх. помнікі і ансамблі 13—18 ст. Дзярж. маст. збор (у палацы Вільгельмсхёэ). Музей зямлі Гесен, Новая галерэя.

т. 8, с. 140

КА́СЕМ, Касім Абдэль Керым (Абд аль-Карым; 1914, Багдад — 9.2.1963), іракскі ваен. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1955). Удзельнік 2-й сусв. вайны (змагаўся супраць брыт. войск у 1941), араба-ізраільскай вайны 1948—49. 14.7.1958 узначаліў антыманархічны ваен. пераварот (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) і 27.7.1958 абвясціў Ірак рэспублікай. У 1958—63 прэм’ер-міністр і адначасова міністр абароны Ірака, устанавіў у краіне дыктатарскі рэжым; падкрэсліваў іракскую самабытнасць і самастойнасць, што выклікала канфлікт з панараб. сіламі. У лют. 1963 скінуты ў выніку ваен. перавароту і расстраляны.

т. 8, с. 140

Касенка Ірына Аляксандраўна

т. 18, кн. 1, с. 404

КАСЕ́ТА (ад франц. cassette скрыначка),

узаемазамяняльнае прыстасаванне, якое забяспечвае аптымальныя ўмовы апрацоўкі, транспартавання і захоўвання дэталей, матэрыялаў і інш. Да іх адносяць скрыні для цэментацыі, паддоны для награвання, падвескі для гальванічных ваннаў і інш. Існуюць таксама фатаграфічныя і магнітафонныя К.

Фатаграфічная К. — святлонепранікальнае прыстасаванне, у якое змяшчаюць святлоадчувальны матэрыял (кіна- і фотаплёнку, фотапласцінку) для правядзення фота- або кіназдымкі. Бываюць адзінарныя, падвойныя і паўтарачныя (здвоеныя). Магнітафонная К. — прыстасаванне ў выглядзе закрытай плоскай скрыначкі, унутры якой змяшчаецца магнітная стужка для магнітафона ці відэамагнітафона (відэакасета).

т. 8, с. 140

КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.

А.С.Ліс.

т. 8, с. 140

КАСІ́ГА ((Cossiga) Франчэска) (н. 26.7.1928, г. Сасары, Італія),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. у галіне канстытуцыйнага права ва ун-це г. Сасары. Чл. Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП, 1945—85). Дэп. парламента (з 1958) і адзін з кіраўнікоў парламенцкай групы ХДП (з 1963). У 1966—74 дзярж. сакратар у шэрагу мін-ваў, у 1974—75 міністр па рэформе сістэмы кіравання, у 1975—78 міністр унутр. спраў (рэарганізаваў паліцыю, стварыў падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам); падаў у адстаўку пасля забойства «чырвонымі брыгадамі» А.Мора. У 1979—80 прэм’ер-міністр, у 1983—85 старшыня сената. У 1985—92 прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.

т. 8, с. 141

КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 141

КАСІК’Я́РЭ (Casiquiare),

рака на Пд Венесуэлы. Даўж. 410 км, пл. басейна 45 тыс. км². Прымае частку сцёку (каля ⅓) р. Арынока на ўчастку верхняга цячэння, у раёне г. Сан-Карлас злучаецца з р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Сувязь дзвюх вял. рэк Паўд. Амерыкі — класічны прыклад біфуркацыі рэк. Злучэнне К. з р. Арынока адбываецца пры дапамозе «канала» — натуральнага рэчышча даўж. каля 30 км (з падзеннем да 5 м), які служыць вадаскідам з р. Арынока ў бас. Рыу-Негру.

т. 8, с. 141

КАСІ́ЛКА,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў і інш. раслін. Бываюць: трактарныя (навясныя. паўнавясныя, прычапныя), самаходныя, конныя і ручныя малагабарытныя матарызаваныя; 1-, 2-, 3- і 5-брусавыя (захоп аднаго бруса 2,1 м); з сегментна-пальцавым і ратацыйна-дыскавым рэжучым апаратам. Прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара або ад хадавых колаў.

Уласна К. скошваюць траву і ўкладваюць яе ў пракос або збіраюць у валкі. Шырыня захопу да 10 м, прадукцыйнасць да 9,7 га/гадз. К.-здрабняльнікі скошваюць траву, нізкасцябловую кукурузу і інш. сіласныя культуры, адначасова здрабняюць іх і падаюць атрыманую масу ў бункер ці прычэп для транспартавання. Могуць выкарыстоўвацца для скошвання бацвіння бульбы і коранеклубняплодаў. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь» і інш. Прадукцыйнасць да 45 т/гадз. К.-плюшчылкі (самаходныя або прычапныя) адначасова скошваюць, расплюшчваюць сцёблы сеяных бабовых траў і ўкладваюць іх у валок ці рассцілаюць на ржышчы. Расплюшчванне сцёблаў паскарае іх сушку і садзейнічае захаванню лістоў — найб. пажыўнай ч. раслін. Плюшчыльны апарат — вальцы з гладкай, фігурнай або рабрыстай паверхняй. Шырыня захопу да 5 м, прадукцыйнасць да 5 га/гадз.

Касілкі: 1 — трохбрусавая прычапная; 2 — касілка-здрабняльнік ротарная прычапная; 3 — касілка-плюшчылка самаходная.

т. 8, с. 141