Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́МПЕН (Campen, Kampen) Якаб ван (2.2.1595, г. Харлем, Нідэрланды — 13.9.1657), галандскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму 17 ст. Вучыўся, верагодна, у Італіі (1615—21), вывучаў творчасць А.Паладыо. Працаваў у Харлеме (1621—30). Работы ў стрыманым, крыху халодным стылі: невял. палац Маўрыцхёйс у Гаазе (1633—35, з П.Постам), ратуша ў Амстэрдаме (цяпер каралеўскі палац; 1648—55) і інш.

т. 7, с. 536

КАМПЕНСА́ТАР (ад лац. compenso ураўнаважваю, параўноўваю),

1) прыстасаванне для ўраўнаважвання ўплыву розных фактараў (т-ры, ціску, становішча і інш.) на стан і дзеянне збудаванняў, машын, механізмаў і інш. Бываюць нерухомыя (напр., пракладкі) і рухомыя (сільфон).

2) Прылада (машына) для ўраўнаважвання зруху фаз току і напружання. Сінхронны К. дае магчымасць палепшыць каэфіцыент магутнасці і рэгуляваць напружанне ў лініях электраперадачы і эл. сетках.

3) Прылада (напр., патэнцыёметр), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні вымеранай велічыні з аднароднай узорнай велічынёй (гл. ў арт. Кампенсацыйны метад вымярэнняў, Нулявы метад вымярэнняў).

4) Прыстасаванне (напр., пласцінка) для вызначэння рознасці ходу светлавых прамянёў, напр., у інтэрферометрах, або вугла вярчэння плоскасці палярызацыі (гл. Палярызацыя свята).

5) Тэрмамагнітны жалеза-вугляродзісты сплаў, які выкарыстоўваецца ў электравымяральных прыладах як элемент магн. сістэмы для змяншэння ўплыву т-ры.

т. 7, с. 536

КАМПЕНСАЦЫ́ЙНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

гарызантальнае перамяшчэнне водных мас, якое пакрывае страты вады і паніжэнне ўзроўню на якім-небудзь участку акіяна, мора, возера. Узнікае пры згонна-нагонных з’явах і накіравана ў бок, процілеглы дрэйфавым цячэнням. К.ц. могуць развівацца і ў паверхневых і ў глыбінных слаях, напр. міжпасатныя (экватарыяльныя) супрацьцячэнні Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.

т. 7, с. 536

КАМПЕНСАЦЫ́ЙНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

метад, заснаваны на кампенсацыі (ураўноўванні) напружання (эрс), якое вымяраецца, напружаннем, што ствараецца на вядомым супраціўленні токам ад дапаможнай крыніцы. Рабочы ток устанаўліваюць па нармальным элеменце з вядомай эрс. К.м.в. выкарыстоўваюць для вымярэння розных эл. велічынь (эрс, напружанняў, токаў, супраціўленняў), а таксама інш. фіз. велічынь (мех., светлавых, т-ры і інш.), якія папярэдне пераўтвараюць у эл. велічыні.

Пры К.м.в. выніковы эфект уздзеяння велічынь, што вымяраюцца, на прыладу параўнання (нулявую прыладу) даводзяць да нуля (гл. Нулявы метад вымярэнняў). К.м.в. вызначаецца высокай дакладнасцю, якая залежыць ад адчувальнасці нулявой прылады. Электравымяральныя прылады, заснаваныя на К.м.в., наз. патэнцыёметрамі або электравымяральнымі кампенсатарамі.

Літ.:

Электрические измерения. 5 изд. Л., 1980;

Электрические измерения. М., 1985;

Справочник по электроизмерительным приборам. 3 изд. Л., 1983.

т. 7, с. 536

КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.

2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).

т. 7, с. 537

КАМПЕНСА́ЦЫЯ ў псіхалогіі,

аднаўленне парушанай раўнавагі псіхічных і псіхафізіялагічных працэсаў праз стварэнне процілегла накіраванай рэакцыі ці імпульсу. Паняцце К. развівалася пераважна ў межах глыбіннай псіхалогіі. У індывідуальнай псіхалогіі А.Адлера К. — механізм пераадолення рэальных або ўяўных недахопаў праз развіццё процілеглых рыс характару, асаблівасцей паводзін (напр., пачуццё няўпэўненасці ў сабе можа кампенсавацца развіццём павышанай самаўпэўненасці). К.Г.Юнг разглядаў К. як прынцып псіхічнай самарэгуляцыі, узаемнага ўраўнаважання свядомых і несвядомых тэндэнцый. Напр., ён лічыў, што аднабаковасць свядомай устаноўкі выклікае ўзмацненне процілеглых несвядомых імкненняў, што можа выяўляцца ў снах, якія рэзка адрозніваюцца ад свядомых уяўленняў.

т. 7, с. 537

КАМПЕНСА́ЦЫЯ,

1) у эканоміцы — пакрыццё страт, панесеных выдаткаў, вяртанне доўгу, узнагароджанне (напр., К. маральнага ўрону, К. за абясцэненыя грошы).

2) У працоўным праве — выплата рабочым і служачым, якая ажыццяўляецца ва ўстаноўленых законам выпадках для пакрыцця ім дадатковых расходаў, звязаных з выкананнем прац. абавязкаў (напр., К. за нявыкарыстаны адпачынак, К. пры выкананні абавязкаў часова адсутнага работніка).

3) У сацыялогіі — ураўнаважанне няўдач у якой-н галіне дасягненнямі і рухам наперад у іншай.

т. 7, с. 537

КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Заключана 11.11.1918 у канцы першай сусветнай вайны 1914—18 у Камп’енскім лесе (каля станцыі Рэтонд, Францыя) паміж Германіяй (кіраўнік дэлегацыі М.Эрцбергер) з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і інш. краінамі антыгерм. кааліцыі — з другога (ад імя саюзнікаў падпісана маршалам Францыі Ф.Фошам). Прадугледжвала спыненне ваен. дзеянняў, вывад герм. войск з левабярэжжа Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе, капітуляцыю герм. войск ва Усх. Афрыцы, адмову Германіі ад палажэнняў Бухарэсцкага мірнага дагавора 1918, Брэсцкага міру 1918 і інш. Было заключана на 36 дзён, але неаднаразова прадаўжалася і дзейнічала да набыцця сілы Версальскага мірнага дагавора 1919.

т. 7, с. 537

КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1940 Заключана 22.6.1940 паміж фаш. Германіяй і франц. урадам маршала А.Ф.Петэна ў 2-ю сусв. вайну там жа, дзе і Камп’енскае перамір’е 1918. Паводле яго прагерм. ўрад Петэна (гл. таксама «Вішы») пагадзіўся на поўнае спыненне ваен. дзеянняў супраць Германіі на тэр. Францыі, акупацыю ням.-фаш. войскамі каля ​2тэр. Францыі (уключаючы Парыж), раззбраенне і дэмабілізацыю франц. арміі і флоту (акрамя часцей па падтрымцы парадку) і інш. У ліст. 1942 фаш. Германія парушыла ўмовы К.п. і акупіравала ўсю Францыю.

т. 7, с. 537

КАМПЕТЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. competens дасведчаны, адпаведны),

1) якасць чалавека, які валодае ўсебаковымі ведамі, вопытам практычнай дзейнасці ў якой-н. галіне і думка якога з’яўляецца аўтарытэтнай.

2) К. (кампетэнцыя) — сукупнасць паўнамоцтваў (правоў і абавязкаў) якога-н. органа або службовай асобы, устаноўленых законамі, нарматыўнымі актамі або інш. палажэннямі.

т. 7, с. 537