Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМУ́РА-ЯКУ́ЦКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ,

аўтадарога В. Невер—Тамот—Якуцк у Расійскай Федэрацыі. Працягласць 1162 км. Пабудавана ў 1930—37. Звязвае Рэспубліку Саха (Якуція) з Транссібірскай чыг. магістраллю.

т. 1, с. 327

АМУРСА́НА

(1722—57),

адзін з уладарных князёў Айрацкага ханства, дзеяч антыманьчжурскага вызв. руху ў Манголіі ў 1750-я г. Пасля няўдалай спробы захапіць ханскі прастол у 1754 уцёк у Пекін. Маньчжурскія войскі пад выглядам дапамогі Амурсана ў 1755 акупіравалі і ліквідавалі ханства. Падмануты Амурсана ў 1755 далучыўся да стыхійнага антыманьчжурскага руху і стаў яго правадыром. Пацярпеўшы паражэнне, у 1757 уцёк у Расію.

т. 1, с. 327

АМУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утворана 20.10.1932. Пл. 363,7 тыс. км². Нас. 1049,1 тыс. чал. (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — г. Благавешчанск. Буйныя гарады: Белагорск, Райчыхінск, Зея, Шыманоўск, Свабодны, Тында.

Прырода. Большая ч. тэр. гарыстая. На Пн Станавы хр. (выш. да 2312 м), на Пд ад яго горны ланцуг хрыбтоў Янкан, Тукурынгра, Сактахан, Джагды; каля ​2/3 тэр. займаюць Зейска-Бурэінская і Амурска-Зейская раўніны. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, золата, жал. руды, кварцавыя пяскі, кааліны, буд. матэрыялы. Ёсць мінер. крыніцы. Клімат мусонны ўмеранага пояса. Зіма халодная, сухая, маласнежная. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C да -33 °C, ліп. 18—21°C. Ападкаў каля 850 мм за год. Гал. рака — Амур і яго прытокі Зея з Селемджой, Бурэя і інш. Глебы пераважна бурыя лясныя, на Пд — чарназёмападобныя. 65% тэр. пад лесам. Пашыраны хвойныя і мяшаныя лясы маньчжурскага тыпу (мангольскі дуб, карэйскі кедр, амурскі аксаміт, ліяны — вінаград, лімоннік, актынідыя), у тайзе лістоўніца, у гарах зараснікі кедравага сланіку і горная тундра. Водзяцца вавёрка, мядзведзь, собаль, кабарга, лось, дзік, ізюбр, казуля, з птушак — глушэц, дзікуша, блакітная сарока і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата, буры і каменны вугаль), машынабудаванне (вытв-сць кавальска-прэсавага, элеватарнага, святлотэхн. абсталявання, электрапрылад, рачных і марскіх суднаў, с.-г. машын і інш.); вытв-сць буд. матэрыялаў; харч. прам-сць. Зейская ГЭС. Райчыхікская ДРЭС. Амурская вобласць — асноўны с.-г. раён Д. Усходу. Сельская гаспадарка збожжаважывёлагадоўчага кірунку. Пасевы збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень), соі. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Пчалярства. На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля. Пушны промысел. Па тэр. Амурскай вобласці праходзяць Транссібірская і Байкала-Амурская чыг. магістралі. Суднаходства па Амуры, Зеі і Бурэі.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 1, с. 327

АМУ́РСКІ ЗАЛІ́Ў,

унутраны заліў каля паўн.-зах. берага заліва Пятра Вялікага Японскага м. Даўж. каля 65 км, шыр. 9—20 км, глыб. да 20 м. Зімой замярзае. На беразе Амурскага заліва порт Уладзівасток.

т. 1, с. 327

АМУ́РСКІ ЛІМА́Н,

паўн. частка Татарскага праліва, паміж мацерыковай Азіяй і в-вам Сахалін. Злучае Сахалінскі заліў Ахоцкага м. на Пн з уласна Татарскім пралівам на Пд цераз Невяльскога праліў. Даўж. каля 185 км, шыр. да 40 км, глыб. 3—4,5 м. З ліст. да мая ўкрыты лёдам. Прылівы няправільныя, сутачныя, больш за 2 м. У зах. частцы ў ліман упадае р. Амур.

т. 1, с. 327

АМУ́РЫ,

рыбы атрада карпападобных. 2 віды: амур белы (Ctenopharyngodon idella) і амур чорны (кітайская плотка; Mylopharyngodon piceus). Радзіма — Усх. Азія ад р. Амур да Паўд. Кітая. На Беларусь амур белы завезены ў 1963, чорны — у 1977. Ва ўмовах Беларусі не нерастуюць; вытворнікі і лічынкі завозяцца. Амур белы штучна разводзіцца ў Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы і гадуецца ў сажалках і некаторых азёрах.

Даўж. цела да 120 см, маса да 32 кг. Луска буйная. Палавая спеласць у 7—9 гадоў пры даўж. каля 70 см. Нераст у чэрв. — ліпені. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, малюскамі, хутка растуць. Перспектыўныя для зарыблення каналаў меліярац. сістэм, водапрыёмнікаў, вадаёмаў, якія хутка зарастаюць.

Амуры: белы (уверсе); чорны.

т. 1, с. 327

Амусін Іосіф Давыдавіч

т. 18, кн. 1, с. 333

АМФАДАНТО́З,

тое, што парадантоз.

т. 1, с. 327

А́МФАРА

(лац. amphora ад грэч. amphoreus),

у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.

Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.

т. 1, с. 327

АМФАТЭ́РНАСЦЬ

(ад грэч. amphoteros і той і гэты),

здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.

Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H​+ і OH​- іоны (напр., Cr​3++3OH​- ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H​++CrO​-2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.

т. 1, с. 327