БЯСТУ́ЖАВЫ,
дзекабрысты-афіцэры, браты.
Аляксандр Аляксандравіч (літ. псеўданім Марлінскі; 3.11.1797, С.-Пецярбург — 19.6.1837), рускі пісьменнік. Штабс-капітан (1825). Летам 1821 у чыне паручніка ўдзельнічаў у манеўрах гвардыі ў Віцебскай губ., у кастр. 1821 — студз. 1822 жыў у в. Выганічы Мінскага пав. (цяпер Валожынскі р-н) у сям’і памешчыка Ф.Ф.Вайдзевіча, адкуль неаднаразова прыязджаў у Мінск. Разам з К.Ф.Рылеевым пісаў агітацыйныя супрацьурадавыя песні і выдаваў альманах «Полярная звезда» (1823—25). Да 1825 напісаў некалькі раманаў у духу рамантызму. У 1824 прыняты ў Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, увайшоў у склад яго кіруючага цэнтра (думы). Належаў да радыкальнага крыла руху: выступаў за ўвядзенне рэсп. ладу шляхам ваен. перавароту, надзяленне сялян зямлёй. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў распрацаваў план захопу Зімняга палаца і арышту Мікалая I. Актыўны ўдзельнік паўстання 26 снеж. на Сенацкай плошчы, быў фактычным камандзірам Маскоўскага палка, выведзенага на плошчу. Прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена спачатку 20-гадовай, потым 15-гадовай катаргай. У 1827 адпраўлены на пасяленне ў Якуцк, у 1829 — радавым у дзеючую армію на Каўказ. У ссылцы апублікаваў некалькі т.зв. свецкіх аповесцяў («Выпрабаванне», 1830, «Фрэгат «Надзея», 1833, і інш.). У каўк. аповесцях «Амалатбек» (1832), «Мула-Нур» (1836) намаляваў рамант. характары. У аповесцях «Вечар на Каўказскіх водах у 1824 г.» (1830), «Латнік» (1832) знайшлі водгук пачутыя на Беларусі нар. паданні, уражанні ад гутарак з жыхарамі. Загінуў у сутычцы з горцамі на мысе Адлер. У в. Выганічы ў яго гонар пастаўлены мемарыяльны знак.
Мікалай Аляксандравіч (24.2.1791, С.-Пецярбург — 27.5.1855), капітан-лейтэнант (1824). З канца 1824 чл. Паўн. т-ва і яго Вярхоўнай думы. Рэспубліканец, прыхільнік вызвалення сялян з зямлёй. Бліжэйшы памочнік К.Ф.Рылеева ў дні падрыхтоўкі паўстання ў Пецярбургу. Выказваўся за ўстанаўленне пасля перавароту дыктатуры часовага ўрада. 26.12.1825 склаў праект маніфеста да народа, вывеў на Сенацкую плошчу Гвардзейскі экіпаж. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў на Нерчынскіх рудніках. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Пісьменнік, гістарыёграф рус. флоту, эканаміст, жывапісец (стварыў партрэтную галерэю дзекабрыстаў).
Міхаіл Аляксандравіч (4.10.1800 — 3.7.1871), штабс-капітан лейб-гвардыі Маскоўскага палка (1825). З 1824 чл. Паўночнага т-ва, прымыкаў да рэсп. крыла. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. 26.12.1825 разам з братам Аляксандрам і Д.А.Шчэпіным-Растоўскім вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк; аддаў каманду страляць па ўрадавых войсках. Пасля абстрэлу паўстанцаў карцеччу спрабаваў арганізаваць салдат, якія адступалі, каб заняць з імі Петрапаўлаўскую крэпасць. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў у Чыце і Пятроўскім заводзе. З 1839 на пасяленні ў Селенгінску.
Літ.:
Букчин С. К мечам рванулись наши руки: Док. повести. 2 изд. Мн., 1985;
Очерки из истории движения декабристов: Сб. ст. М., 1954.
т. 3, с. 419