Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРПА́ЦКІ ПРЫРО́ДНЫ ПАРК,

у Івана-Франкоўскай вобл., Украіна. Засн. ў 1980 для аховы ляснога горнага масіву Чарнагора, стварэння ўмоў для адпачынку, турызму, правядзення навук. даследаванняў. Пл. 50,3 тыс. га. Размешчаны на схілах Укр. Карпат, у бас. рэк Прут і Чарамош. У запаведную зону парку ўваходзяць Высакагорнае і Гавярлянскае лясніцтвы — участак Карпацкага запаведніка. Маляўнічыя ландшафты з лясамі, паланінамі, высакагорнымі азёрамі. Раёны г. Ярэмча і горнакліматычнага курорта Варохта — зоны адпачынку і турызму.

т. 8, с. 94

КАРПА́ЧА ((Carpaccio) Віторэ) (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),

італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.

Літ.:

Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;

Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.

І.​М.​Каранеўская.

В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.

т. 8, с. 94

КАРПАЧО́Ў (Эдуард Маркавіч) (н 27.1.1937, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1960). Друкуецца з 1954. Піша для дзяцей на бел. і рус. мовах. Яго творчай манеры ўласціва вобразнае і паэт. ўспрыняцце жыцця, псіхал. распрацоўка характараў Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Флот на веснавым двары» (1962), «Бацькі не вярнуліся з вайны» (1964), «Вежа камандора» (1965), «Горкі дым» (1970), «Двое на пероне» (1973), «Конны патруль» (1975), «Пашана гімнасцёрцы» (1979), «Чарада ўспамінаў (1984), «Зоркавы калодзеж» (1987), «Мост праз яр» (1989) і інш. Перакладае творы бел. празаікаў на рус. мову.

т. 8, с. 94

КАРПАЧО́Ў (Яфрэм) (Афроім) Майсеевіч (10.7.1914, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія —18.8.1988),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1970). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1937). У 1940—41 дырэктар Цэнтр. дзярж. архіва Літ. ССР. З 1946 дырэктар Цэнтр. дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі БССР, у 1953—85 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Навук. працы па сац.-эканам. развіцці гарадоў Беларусі 17—18 ст.

Тв.:

Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии XVII—XVIII вв. // Сов. славяноведение. 1968. № 6;

Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

т. 8, с. 94

КАРПЕ́ЗА (Ігнацій Іванавіч) (25.11.1898, в. Кугалеўка Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.1987),

генерал-лейтэнант (1946). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). З 1936 пам. камандзіра, камандзір дывізіі, нач. ваен. вучылішча, камандзір корпуса. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Камандуючы 15-м механізаваным корпусам, удзельнічаў у танк. бітвах пад гарадамі Дубна, Луцк і Роўна (Украіна). Да 1959 пам. і нам. камандуючага войскамі ваен. акругі.

І.І.Карпеза.

т. 8, с. 94

КАРПЕ́НКА (Акім Паўлавіч) (17.9.1915, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 10.9.1974),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1933. Скончыў Ленінградскую ваен. школу авіяц. тэхнікаў (1936), Арэнбургскае ваен. авіяц. вучылішча штурманаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім франтах. Штурман авіяэскадрыллі маёр К. зрабіў 236 баявых вылетаў, з іх 184 на бамбардзіроўку далёкіх варожых аб’ектаў, знішчыў 14 танкаў, 17 самалётаў, 56 аўтамашын, 13 складоў, 4 масты. Да 1954 у Сав. Арміі, палкоўнік.

т. 8, с. 94

КАРПЕ́НКА (Валерый Аляксандравіч) (н. 22.10.1944, г. Хабараўск, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1988). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па электрадынаміцы і тэорыі аптычных хваляводаў. Распрацаваў эл.-магн. тэорыю танкаплёначных лазераў з улікам дыфракцыі хваль на тарцах рэзанатара, бескаардынатны метад рэдукцыі ўраўненняў электрадынамікі для неаднародных і анізатропных асяроддзяў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

О сведении уравнений Максвелла к системе двух скалярных уравнений второго порядка // Радиотехника и электроника. 1984. Т. 29, № 5;

О решении двухмерного стационарного уравнения Шредингера с потенциалом специального вида // Журн. технич. физики. 1996. Т. 66, № 8.

т. 8, с. 94

КАРПЕ́НКА (Генадзь Дзмітрыевіч) (17.9. 1949, Мінск—6.4.1999),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі распрацоўкі новых матэрыялаў і пакрыццяў, дзярж. дзеяч. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р тэхн. н. (1990). Засл. дз. нав. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1972). З 1972 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі, з 1983 у Бел. НДІ парашковай металургіі. У 1987—90 дырэктар з-да парашковай металургіі (г. Маладзечна), у 1992—94 старшыня Маладзечанскага гарвыканкома, у 1990—96 дэпутат, у 1996 нам. Старшыні Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана тэхналогія вырабу вакуумных пакрыццяў з зададзенымі фіз.-мех. ўласцівасцямі і створаны шэраг установак для іх атрымання. Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Прэмія АН Беларусі 1994.

Тв.:

Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з А.​У.​Белым, М.​К.​Мышкіным).

Г.​Дз.Карпенка.

т. 8, с. 95

КАРПЕ́НКА (Марыя Іосіфаўна) (н. 9.7.1932, в. Дзярэчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. публіцыст. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыла БДУ (1956). Працавала ў рэдакцыі газ. «Магілёўская праўда», з 1972 гал. рэдактар час. «Работніца і сялянка» (з 1995 «Алеся»). Аўтар кніг публіцыстыкі «Бярозка на Манхетэне» (1975), «Кожнаму хочацца шчасця» (1977), «Горкі вецер з Гудзона», «Камісарскі сад» (абедзве 1983), «Жанчыны Беларусі» (1984) і нарысаў, прысвечаных людзям бел. зямлі. На бел. мову пераклала кнігу У.​Саніна «Пункт вяртання» (1986).

т. 8, с. 95

КАРПЕ́НКА-КА́РЫ (сапр. Табілевіч Іван Карпавіч; 29.9.1845, с. Вясёлаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 15.9.1907),

украінскі драматург, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў рэаліст. нац. тэатра. Брат П.К.Саксаганскага. З 1865 акцёр-аматар, з 1883 у трупах М.​Старыцкага, М.​Крапіўніцкага, М.​Садоўскага. Друкаваўся з 1876. Аўтар п’ес (каля 20), у якіх з рэв.-дэмакр. пазіцый паказаў класавае расслаенне на вёсцы, цяжкае жыццё сялян, у т. л. драм «Бурлака» (1883), «Наймічка» (1885), «Абяздоленая» (1886), сатыр. камедый «Разумны і дурань», «Мартын Баруля» (абедзве 1886), «Сто тысяч» (1890), «Гаспадар» (1900), гіст. трагедыі «Сава Чалы» (1899) і інш. Выступаў як тэатр. крытык, перакладчык і публіцыст. Яго п’есы папулярныя на Беларусі з пач. 20 ст. У 1909 сяляне в. Кленікі Гродзенскай губ. ставілі яго камедыю «Разумны і дурань». Творы К.-К. найб. папулярызаваў У.​М.​Крыловіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1985;

Рус. пер. — Пьесы. М., 1958.

Літ.:

Цибаньова О.С. Літопис життя і творчості І.​Карпенка-Карого. Київ, 1967;

Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973. С. 98—119, 278—299.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 95