Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРБУ́НКУЛ (лац. carbunculus літар. вугалёк; стараж.-рус. назва вуглявік, скула),

вострае дыфузнае гнойна-некратычнае запаленне глыбокіх слаёў скуры і падскурнай клятчаткі вакол групы валасяных мяшочкаў і тлушчавых залоз. Узбуджальнікі — гнаяродныя бактэрыі. Найчасцей бывае на патыліцы, паясніцы, твары. Узнікненню К. садзейнічаюць знясіленне арганізма, парушэнне абмену рэчываў (дыябет цукровы), вітамінная недастатковасць. Прыкметы: цяжкі агульны стан (дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C), шырокае амярцвенне тканак. Ускладненні (найчасцей пры К. твару) — сепсіс, тромбафлебіт. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 64

КА́РБЫШАЎ (Дзмітрый Міхайлавіч) (26.10.1880, г. Омск, Расія — 18.2.1945),

расійскі і сав. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. інж. войск (1940). Праф. (1938), д-р ваен. н. (1941). Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Сібірскі кадэцкі корпус у Омску (1898), Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію (1911). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1911—14 кіраваў рэканструкцыяй Брэсцкай крэпасці. У 1-ю сусв. вайну ва ўпраўленні начальніка інж. войск 11-й і 8-й армій. Са снеж. 1917 атрадны інжынер Чырв. гвардыі. У грамадз. вайну інжынер Калегіі па інж. абароне, удзельнік буд-ва шэрагу ўмацаваных раёнаў і інш. У 1923—26 старшыня інж. к-та Гал. ваенна-інж. ўпраўлення РСЧА і старшыня Ваенна-тэхн. к-та РСЧА. З 1926 выкладаў у Ваен. акадэміях імя Фрунзе і Генштаба. У Вял. Айч. вайну 8.7.1941 цяжка кантужаны ў баях каля Магілёва трапіў у палон. Закатаваны ў канцлагеры Маўтгаўзен (Аўстрыя). Аўтар больш як 100 прац па ваен.-інж. справе і ваен. гісторыі. У Гродне яму пастаўлены помнік. Яго імем названа малая планета Карбышаў.

Дз.М.Карбышаў.

т. 8, с. 64

КА́РБЫШАЎ,

малая планета № 1959. Сярэдні дыяметр 9 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца 415,6 млн. км, перыяд абарачэння 4,63 г. Адкрыта ў 1972 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар Дз.М.Карбышава.

Літ.:

Коротцев О., Дахие М. Созвездие памята: Космич. мемориал героев Вел. Отеч. войны. СПб., 1995.

т. 8, с. 64

КАРБЮЗЬЕ́ (Corbusier),

гл. Ле Карбюзье.

т. 8, с. 64

КАРБЮРА́ТАР (франц. carburateur),

прылада для стварэння гаручай сумесі з лёгкага вадкага паліва ў рухавіках унутр. згарання. Бывае ўсмоктвальны (паплаўковы, мембранны), упырсквальны і камбінаваны.

Мае паветраны тракт, па якім рухаецца ўсмактанае паветра, і паліўную сістэму, па якой паліва падаецца ў паветраны паток, змешваецца з ім і па ўпускным трубаправодзе паступае ў цыліндры рухавіка. Інтэнсіўнасць паступлення гаручай сумесі рэгулюецца дросельнай заслонкай (гл. Акселератар), а яе склад у адпаведнасці з рэжымам работы рухавіка — гал. сістэмай дазіравання, эканамайзерам, паскаральнай помпай, сістэмамі халастога ходу і пуску халоднага рухавіка і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

В.​А.​Сяргеенка.

Карбюратар аўтамабільны: 1 — паветраная заслонка; 2 — ігольчасты клапан; 3 — паплаўковая камера; 4 — бензін; 5 — дросельная заслонка; 6 — асноўны паветраны паток.

т. 8, с. 64

КАРВАЛА́НТ (ад франц. corps корпус, асобны атрад + volant лятучы),

вайсковае злучэнне, аснову якога складала конніца, а таксама пяхота і лёгкая артылерыя. Прызначаўся гал. чынам для дзеянняў у тыле праціўніка, перахопу яго камунікацый, удараў у флангі баявых парадкаў і для праследавання. Шырока выкарыстоўваўся ў войсках 18—19 ст. У Расіі створаны Пятром I у 1701. Паспяхова дзейнічаў у час Паўночнай вайны 1700—21, вызначыўся ў бітве пад Лясной 1708.

т. 8, с. 64

КАРВА́Т (Уладзімір Мікалаевіч) (28.11.1958, г. Брэст —23.5.1996),

першы Герой Беларусі (1996), падпалкоўнік. Скончыў Армавірскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1981). Ва Узбр. Сілах СССР з 1977. У 1981—94 у ваенна-паветр. сілах на Д. Усходзе: камандзір звяна, эскадрыллі, нам. камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Са жн. 1994 на Беларусі, нач. паветр.-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі авіябазы. У час начнога вучэбнага палёту адвёў палаючую машыну ад в. Вял. Гацішча Баранавіцкага р-на і загінуў.

У.М.Карват.

т. 8, с. 64

КАРВЕ́Т (франц. corvette),

1) лёгкі карабель для разведкі, пасыльнай службы і выканання інш. задач у ветразевым ваенным флоце 17—19 ст. У сярэдзіне 19 ст. з’явіліся колавыя, а потым вінтавыя ветразева-паравыя К.

2) Баявыя караблі спец. пабудовы для процілодачнай і проціпаветр. абароны і нясення вартавой службы ў флатах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін у час 2-й сусв. вайны.

3) У шэрагу сучасных марскіх дзяржаў тып найменшага ваен. карабля (водазмяшчэннем 500—1000 т) для канваіравання і абароны ад падводных лодак.

Ветразевы карвет.

т. 8, с. 64

КА́РГЕР (Міхаіл Канстанцінавіч) (30.5.1903, г. Казань — 26.8.1976),

расійскі археолаг і мастацтвазнавец. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1949). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). З 1949 у Ленінградскім ун-це, з 1964 у Ін-це археалогіі АН СССР. Вывучаў славянскую археалогію і гісторыю стараж.-рус. культуры і мастацтва. У 1950-я г. даследаваў стараж. арх. помнікі ў гарадах Тураў, Навагрудак, Ваўкавыск, Полацк, царкву Благавешчання ў Віцебску. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Новый памятник зодчества XII в. в Турове. М., 1965;

Раскопки храма Бориса и Глеба в Новогрудке // Археологические открытия 1965 г. М., 1966;

К вопросу о памятниках зодчества в Волковыске // Славяне и Русь. М., 1968;

К истории полоцкого зодчества XII в. // Новое в археологии. М., 1972.

т. 8, с. 64

КАРГІ́Н (Валянцін Аляксеевіч) (23.1.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 21.10.1969),

савецкі фізікахімік, заснавальнік навук. школы па фізікахіміі палімераў. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1930 у Фіз.-хім. ін-це імя Л.​Я.​Карпава, адначасова з 1956 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па фізікахіміі высокамалекулярных злучэнняў. Паказаў, што палімеры ўтвараюць сапраўдныя растворы. Даследаваў мех. і тэрмамех. ўласцівасці палімераў, сувязь паміж іх будовай і ўласцівасцямі. Распрацаваў метады структурна-хім. і фіз. мадыфікацыі палімераў, гумы і хім. валокнаў. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1947, 1950, 1969. Ленінская прэмія 1962.

Тв.:

Коллоидные системы и растворы полимеров: Избр. тр. М., 1978;

Структура и механические свойства полимеров: Избр. тр. М. 1979.

Літ.:

ВА Каргин. М., 1960.

В.А.Каргін.

т. 8, с. 64