Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛУБО́ВІЧ Васіль Васілевіч

(10.1.1910, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1991),

бел. тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Казахстана (1955). Скончыў Кіеўскі маст. Ін-т (1932). У 1933—58 працаваў у т-рах Днепрапятроўска, Саратава, Алматы. Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1959—65). У 1958—62 гал. мастак Бел. т-ра імя Я.Купалы. Аформіў спектаклі: «Дні нашага нараджэння» І.Мележа (1958), «Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка (1959) і інш. У 1963—73 гал. мастак Рус. драм. т-ра Беларусі, стварыў дэкарацыі да спектакляў: «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (1964), «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча (1965), «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ (1972) і інш. Афармляў таксама спектаклі ў Брэсцкім абл. драм. т-ры («Варвары» М.Горкага, 1979). У творчасці імкнуўся дасягнуць гарманічнай дакладнасці, спалучанай з фантазіяй, лаканізмам кампазіцыі, выяўл. сродкаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Л.Ф.Салавей.

т. 4, с. 471

ГАЛУБО́ВІЧ Генадзь Міхайлавіч

(19.9.1934, с. Вялешына 1-е Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1992),

бел. графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1966). У 1972—90 працаваў у выд-ве «Беларусь» (з 1980 гал. мастак). Аформіў кнігі: «Ленін у выяўленчым мастацтве Беларусі» (1978), «Лічбы на сэрцы» М.Савіцкага (1980), «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Я.Колас у творчасці мастакоў» і «Я.Купала ў творчасці мастакоў» (абедзве 1982; усе разам з М.Ганчаровым); «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 4, с. 472

ГАЛУБО́ВІЧ Леанід Міхайлавіч

(н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт. зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).

І.Д.Сіпакоў.

т. 4, с. 472

ГАЛУБО́ВІЧ Уладзімір

(20.6.1908, г. Краснадар, Расія — 7.4.1962),

бел. і польскі археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1932), працаваў у яго археал. музеі. З 1944 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР, у 1946—62 праф. Тарунскага і Вроцлаўскага ун-таў, кіраўнік Вроцлаўскага аддз. Ін-та археалогіі Польскай АН. У 1935—39 з жонкаю Г.Цэгак-Галубовіч працаваў на археал. раскопках у Глыбоцкім, Міёрскім, Навагрудскім, Пастаўскім і інш. раёнах, склаў археал. карты гэтых тэрыторый. Даследаваў стараж. Вільню, Мінск, апрацоўваў матэрыялы раскопак Гродна, вывучаў ганчарную вытв-сць у Зах. Беларусі. Даследаваў помнікі ў Зах. Польшчы (г. Аполе) і Германіі. Займаўся этнаграфіяй і тапанімікай.

Тв.:

Кривой город — Вильно (разам з Г.Галубовіч) // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры. М.; Л., 1945. Вып. 11;

Славянские поселения правобережной Дисны в Вилейском округе БССР (з ёй жа) // Тамсама;

Garncarstwo wiejskie zachodnich terenów Białorusi. Toruń, 1950.

Л.Д.Побаль.

т. 4, с. 472

ГАЛУБО́ВІЧ Уладзімір Пятровіч

(н. 2.1.1950, Мінск),

бел. біяфізік. Д-р біял. н. (1986). Скончыў БДУ (1972). З 1973 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай біялогіі і біяфізіцы. Распрацаваў навук. асновы тэарэт. прагназавання малекулярных структур пептыдных злучэнняў і іх аналагаў з неабходным профілем біял. ўздзеяння на арганізм чалавека і жывёл.

Тв.:

Введение в теорию рецепторов. М., 1986 (у сааўт.).

т. 4, с. 472

Галубовіч Янка

т. 18, кн. 1, с. 367

ГАЛУБО́К

(сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч (15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.

А.В.Сабалеўскі.

т. 4, с. 472

ГАЛУБО́К Эдуард Уладзіслававіч

(псеўд. Э.Горскі; 1906, Мінск — 1943),

бел. фалькларыст, літ.-знавец і крытык. Сын. У.І.Галубка. Скончыў БДУ (1930). У 1931—33 у Ін-це л-ры і мастацтва, у 1934—41 у Ін-це гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру, найперш драматургію (арт. «Каштоўны ўклад у беларускую драматургію» і «Праблемы мастацкага росту беларускай драматургіі», 1934), бел. фальклор. Склаў зб. «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938), «Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі» (1939, з А.Калечыцам), «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940, з Калечыцам і Н. Багдановіч).

Тв.:

Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;

Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі // Пісьменнік і мова. Мн., 1934;

Аб маладзёжнай драматургіі БССР // Драматургія. Мн., 1934.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 473

ГАЛУБО́К МАРСКІ́,

гл. ў арт. Чайкі.

т. 4, с. 473

ГАЛУБО́ЎСКІ Пётр Васілевіч

(28.6.1857, Чарнігаўская губ. — 30.3.1907),

расійскі гісторык. Д-р рус. гісторыі (1885), праф. (1898). Скончыў Кіеўскі ун-т. Належаў да школы У.Б.Антановіча. З 1886 выкладаў у Кіеўскім ун-це. Навук. працы па гіст. геаграфіі, гіст. бібліяграфіі, крыніцазнаўстве стараж. гісторыі. У працы «Гісторыя Смаленскай зямлі да пачатку XV ст.» (1895) паказаў ход славянскай каланізацыі з паўн.-ўсх. Прыкарпацця, месцы рассялення і найменні славянскіх плямён, утварэнне бел. мовы, адрозненні паміж полацкімі і смаленскімі крывічамі, узаемаадносіны Смаленскага княства з ВКПЛ і Маскоўскай дзяржавай.

Тв.:

История Северской земли до половины XIV столетия. Киев, 1881;

Критико-библиографический обзор трудов по древнейшему периоду русской истории // Унив. изв. 1907. № 8.

Л.П.Храпко.

т. 4, с. 473