ГАЛУБО́К

(сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч (15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.

А.В.Сабалеўскі.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)