Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАХАФО́РА (ад грэч. trochos кола + phoros які нясе),

ловенаўская лічынка, мікраскапічная свабодна плаваючая лічынка многашчацінкавых чарвей, сіпункулід, эхіўрыд і некат. малюскаў. Другая назва ад імя швед. заолага С.​Ловена, які апісаў Т. ў 1840. Састаўная ч. планктону. Жывуць у акіянскіх водах.

Цела з адным або некалькімі паяскамі раснічак для перамяшчэння. Стрававальная сістэма складаецца са страўніка, сярэдняй і задняй кішкі. Выдзяляльныя органы — протанефрыдыі. На пярэднім полюсе цела знаходзіцца орган пачуццяў — цемянная пласцінка з султанам раснічак і вял. колькасцю клетак. Пры развіцці Т. многашчацінкавых чарвей набывае шчацінкі (параподыі), утвараюцца парныя цэламічныя мяшкі. і лічынка пераходзіць у стадыю метатрахафоры, а ў малюскаў — у велігер.

А.​М.​Петрыкаў.

Трахафора многашчацінкавага чарвяка палігордыус.

т. 15, с. 522

ТРАХЕІ́ДЫ (ад трахея + грэч. eidos выгляд),

мёртвыя адраўнелыя клеткі раслін, якія праводзяць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі і выконваюць мех. функцыю. Трапляюцца ў ксілеме (драўніне) вышэйшых раслін, за выключэннем некат. пакрытанасенных (напр., злакаў, асок). У папарацепадобных і ў большасці голанасенных раслін Т. — адзіныя праводныя элементы драўніны.

Даўж. 0,5—10 мм (агава), дыям. да 0,1 мм. Клеткі замкнёныя, моцна выцягнутыя, звужаныя і завостраныя на канцах, шматвугольныя, з патоўшчанымі сценкамі. Размешчаны верт. радамі, злучаюцца аблямаванымі порамі.

т. 15, с. 522

ТРАХЕІ́Т,

запаленне слізістай абалонкі трахеі. Бывае востры і хранічны. Востры Т. выклікаюць мікраарганізмы (часцей вірусы), пераахаладжэнне і інш.; часта ён спалучаецца з рынітам, фарынгітам, ларынгітам, бранхітам. Хранічны Т. развіваецца з вострага (асабліва пры курэнні). Прыкметы; прыступападобны кашаль (сухі або з макротай), боль у глотцы і за грудзінай, ахрыпласць. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.

т. 15, с. 522

ТРАХЕЙНАДЫ́ХАЛЬНЫЯ, трахейныя,

непаўнавусыя (Tracheata, або Atelocerata),

падтып наземных або другаснаводных членістаногіх жывёл. Уключае мнаганожак і насякомых.

Маюць 1 пару вусікаў (2-я пара адсутнічае; адсюль адна з назваў). Дыханне звычайна трахейнае, радзей праз скуру або (у другаснаводных лічынак насякомых) трахейнымі жабрамі — вырастамі сценак цела. У некат. інш. падтыпах (напр., у хеліцэравых) таксама ёсць формы з трахейным дыханнем. У покрывах Т. прысутнічаюць воска- і тлушчападобныя рэчывы. якія засцерагаюць арганізм ад высыхання. Большасці Т. уласціва ўнутр. апладненне і наяўнасць т.зв. «тлушчавага цела» — тлушчавай тканкі, якая ўдзельнічае ў водазабеспячэнні арганізма. Функцыя выдзялення ажыццяўляецца праз мальпігіевыя сасуды або сценкі кішэчніка.

С.​Л.​Максімава.

т. 15, с. 522

ТРАХЕ́Я (ад грэч. tracheia artēria дыхальнае горла),

дыхальнае горла, паветраправодны трубчасты орган дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Размешчана паміж гартанню і бронхамі наперадзе стрававода (у некат. земнаводных не адасоблена ад гартані, не падзяляецца на бронхі). У чалавека даўж. Т. 9—11 см, дыям. 15—18 мм. Аснова яе — храстковыя паўкольцы, сценка ўтворана слізістай, падслізістай, фіброзна-храстковай і адвентыцыяльнай абалонкамі.

У падслізістай размешчана вял. колькасць слізістых залоз, якія ўвільгатняюць паветра, тут развіты сасудзістыя спляценні, якія саграваюць паветра. У фіброзна-храстковай абалонцы 16—20 гіялінавых храстковых паўкольцаў, якія аблягчаюць рух ежы па страваводзе, захоўваюць прасвет Т. Вонкавая абалонка ўтворана рыхлай валакністай злучальнай тканкай, мае крывяносныя сасуды, нервы. Т. наз. таксама паветраносныя дыхальныя трубачкі ў некат. беспазваночных.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 522

ТРАХІКА́РПУС (Trachycarpus),

род кветкавых раслін сям. пальмаў. 8 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Гімалаях. Культывуюць холадаўстойлівыя пальмы Т. Форчуна (T. fortunei) і Мартыуса (T. martianus).

Дрэвападобныя расліны выш. да 20 м, ствол дыяметрам да 20 см. укрыты карычнева-бурымі валокнамі, на верхавінцы — пучок вял. веерападобнага лісця (каля 30). Кветкі у буйных галінастых пазушных суквеццях даўж. да 1 м. Плод — касцянка. З лісця атрымліваюць валокны для вырабу цыновак, грубых тканін, шчотак і інш. Тэхн. і дэкар. расліны.

Трахікарпус Форчуна.

т. 15, с. 522

ТРАХІЛІ́ДЫ (Trachylida),

атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу кішачнаполасцевых, або жыгучых. 2 падатр.: наркамедузы і трахамедузы. Пашыраны ўсюды ў морах у тоўшчы вады.

Дыяметр ад 1 мм да 10 см. Парасон празрысты, звычайна ярка афарбаваны. Па яго краі ёсць звычайныя і відазмененыя шчупальцы. якія выконваюць ролю гідрастатычных органаў. Размнажэнне палавое. Гл. таксама Медузы.

т. 15, с. 522

ТРАХІМЁНАК Сяргей Аляксандравіч (н. 7.2.1950, г. Карасук Новасібірскай вобл., Расія),

бел. юрыст і пісьменнік. Д-р юрыд. н. (1999). Скончыў Свярдлоўскі юрыд. ін-т (1977), Вышэйшыя курсы КДБ СССР (1981). З 1990 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (з 1996 нач. кафедры). З 1999 нач. сітуацыйна-аналіт. цэнтра дзяржсакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. З 2000 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах метадалогіі забеспячэння нац. бяспекі. Аўтар вострасюжэтных раманаў і сцэнарыяў хранік.-дакумент. фільмаў.

Тв.:

Российский триллер;

Игры капризной дамы. М., 1996;

Безопасность государства: Методол.-правовые аспекты. Мн., 1997. Груз небесный. Мн., 1998;

Заказ на двадцать пятого. М., 1999;

Женская логика. Мн., 2000;

Второй уровень. Мн., 2001.

т. 15, с. 522

ТРАХІ́Т (ад грэч. trachys шурпаты),

эфузіўная сярэдняя горная парода, складзеная з мікралітаў і ўкрапанікаў шчолачнага палявога шпату (анартаклазу, санідзіну), плагіяклазу, амфіболу, біятыту ў вулканічным шкле. Колер белы. светла-шэры, жаўтаваты, ружаваты. Шчыльн. 2,5 г/см³. Структура парфіравая, тэкстура трахітавая са струменістым размяшчэннем крышталёў санідзіну. Эфузіўны аналаг сіеніту. Прадукт вывяржэння вулканаў, складае іх патокі, покрывы, купалы, некі і інш. Выкарыстоўваецца ў буд-ве; дэкаратыўны і вырабны камень.

т. 15, с. 522

ТРАХО́ІДА,

гл. ў арт. Цыклоіда.

т. 15, с. 523