ТРАХЕ́Я (ад грэч. tracheia artēria дыхальнае горла),

дыхальнае горла, паветраправодны трубчасты орган дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Размешчана паміж гартанню і бронхамі наперадзе стрававода (у некат. земнаводных не адасоблена ад гартані, не падзяляецца на бронхі). У чалавека даўж. Т. 9—11 см, дыям. 15—18 мм. Аснова яе — храстковыя паўкольцы, сценка ўтворана слізістай, падслізістай, фіброзна-храстковай і адвентыцыяльнай абалонкамі.

У падслізістай размешчана вял. колькасць слізістых залоз, якія ўвільгатняюць паветра, тут развіты сасудзістыя спляценні, якія саграваюць паветра. У фіброзна-храстковай абалонцы 16—20 гіялінавых храстковых паўкольцаў, якія аблягчаюць рух ежы па страваводзе, захоўваюць прасвет Т. Вонкавая абалонка ўтворана рыхлай валакністай злучальнай тканкай, мае крывяносныя сасуды, нервы. Т. наз. таксама паветраносныя дыхальныя трубачкі ў некат. беспазваночных.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)