ТРАХАФО́РА (ад грэч. trochos кола + phoros які нясе),

ловенаўская лічынка, мікраскапічная свабодна плаваючая лічынка многашчацінкавых чарвей, сіпункулід, эхіўрыд і некат. малюскаў. Другая назва ад імя швед. заолага С.​Ловена, які апісаў Т. ў 1840. Састаўная ч. планктону. Жывуць у акіянскіх водах.

Цела з адным або некалькімі паяскамі раснічак для перамяшчэння. Стрававальная сістэма складаецца са страўніка, сярэдняй і задняй кішкі. Выдзяляльныя органы — протанефрыдыі. На пярэднім полюсе цела знаходзіцца орган пачуццяў — цемянная пласцінка з султанам раснічак і вял. колькасцю клетак. Пры развіцці Т. многашчацінкавых чарвей набывае шчацінкі (параподыі), утвараюцца парныя цэламічныя мяшкі. і лічынка пераходзіць у стадыю метатрахафоры, а ў малюскаў — у велігер.

А.​М.​Петрыкаў.

Трахафора многашчацінкавага чарвяка палігордыус.

т. 15, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)