ТРАХЕЙНАДЫ́ХАЛЬНЫЯ, трахейныя,

непаўнавусыя (Tracheata, або Atelocerata),

падтып наземных або другаснаводных членістаногіх жывёл. Уключае мнаганожак і насякомых.

Маюць 1 пару вусікаў (2-я пара адсутнічае; адсюль адна з назваў). Дыханне звычайна трахейнае, радзей праз скуру або (у другаснаводных лічынак насякомых) трахейнымі жабрамі — вырастамі сценак цела. У некат. інш. падтыпах (напр., у хеліцэравых) таксама ёсць формы з трахейным дыханнем. У покрывах Т. прысутнічаюць воска- і тлушчападобныя рэчывы. якія засцерагаюць арганізм ад высыхання. Большасці Т. уласціва ўнутр. апладненне і наяўнасць т.зв. «тлушчавага цела» — тлушчавай тканкі, якая ўдзельнічае ў водазабеспячэнні арганізма. Функцыя выдзялення ажыццяўляецца праз мальпігіевыя сасуды або сценкі кішэчніка.

С.​Л.​Максімава.

т. 15, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)