Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каліноўскі Аляксандр Андрэевіч

т. 18, кн. 1, с. 399

КАЛІ́НЫ (ад лац. collido сутыкаць варожа),

арганічныя рэчывы, якія выдзяляюцца вышэйшымі раслінамі і прыгнятальна ўздзейнічаюць на інш. віды вышэйшых раслін; адна з груп біялінаў — актыўных прадуктаў жыццядзейнасці раслін і жывёл. К. належаць да інгібітараў, якія пераважаюць сярод фіталінаў. Да К. адносяць, напр., газ этылен, што выдзяляюць плады яблыні, ён затрымлівае прарастанне насення і развіццё многіх відаў раслін; арэх і дуб сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць травяную расліннасць пад кронай.

т. 7, с. 471

КАЛІО́ПА (грэч. цудоўнагалосая),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі старэйшая з дзевяці алімпійскіх муз, апякунка эпічнай паэзіі і навукі. Паводле міфаў, К. — дачка Зеўса і багіні памяці Мнемасіны, маці знакамітых спевакоў Арфея і Ліна. Яе звычайна малявалі з навошчанымі дошчачкамі і стылом (палачкай для пісання).

т. 7, с. 471

КАЛІ́СТА,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыям. 4840 км, адлегласць ад планеты 1,88 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 16 сут 16 гадз 32 мін. Мае атмасферу. Адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет. Адкрыў Г.Галілей (1610).

т. 7, с. 471

КАЛІ́Т (ад грэч. kolon тоўстая кішка),

вострыя ці хранічныя запаленча-дыстрафічныя пашкоджанні тоўстай кішкі. Прычыны: інфекцыя (бацылярная дызентэрыя, грып, пнеўманія, сальманелёз), інвазія (амёбная дызентэрыя, балантыдыяз), гельмінтозы (трыхацэфалёз, аскарыдоз), атручэнні, хваробы страўніка, печані, уздзеянне алергічных фактараў, няправільнае харчаванне (аднастайная ці вострая ежа, алкаголь, недахоп вітамінаў). Характарызуецца спастычнымі болямі ў жываце, функцыян. парушэннем работы кішэчніка (запор, панос, у цяжкіх выпадках з прымессю крыві), іншы раз павышэннем т-ры, стратай апетыту, слабасцю. Лячэнне: тэрапеўтычнае, дыета.

т. 7, с. 471

КАЛІТА́,

тое, што шабета.

т. 7, с. 471

КАЛІТО́ЎСКАЯ (Клаўдзія Фёдараўна) (н. 12.8.1911, в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. артыстка балета, педагог. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыла харэаграфічнае аддз. Бел. муз. тэхнікума (1930), н Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—37 і 1945—51 артыстка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1951—75 дырэктар Бел. харэаграфічнага вучылішча.

т. 7, с. 471

КАЛІ́Ф,

тое, што халіф.

т. 7, с. 471

КАЛІФАРНІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне на У паўн. ч. Ціхага ак.; паўд. адгалінаванне Паўночна-Ціхаакіянскага цячэння. З’яўляецца ўсх. перыферыяй паўн. субтрапічнага антыцыкланальнага кругавароту паверхневых вод, накіравана з Пн на Пд, уздоўж Каліфорніі. На Пд пераходзіць у Паўн. Пасатнае цячэнне. Шыр. 550—650 км. Скорасць 0,9 км/гадз. Сярэдняя т-ра вады ў лют. ад 12 °C на Пн да 25 °C на Пд, у жн. адпаведна ад 17 °C да 26 °C. Салёнасць на Пн 33—34‰.

т. 7, с. 471

КАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА,

упадзіна паміж гарамі Сьера-Невада на У і Берагавымі хр. на 3, у зах. поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 800 км, шыр. да 80 км, выш. ад 20 да 160 м. Паводле паходжання — тэктанічны прагін, запоўнены магутнай тоўшчай асадкавых парод мелавога, палеаген-неагенавага і антрапагенавага ўзросту. Радовішчы нафты. Паверхня роўная, месцамі слабаўзгорыстая. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, кантынентальны. Ападкаў ад 150 мм (на Пд) да 1000 мм за год (на Пн). Гал. рэкі Сакрамента (на Пн) і Сан-Хаакін (на Пд). Густая сетка арашальных каналаў. На Пн субтрапічныя стэпы, на Пд — паўпустыні. Садаводства, вінаградарства. На Пд жывёлагадоўля. Гарады: Сакрамента, Стоктан, Фрэсна.

т. 7, с. 472