БЯРЭ́СЦЕ,
адна з летапісных назваў г. Брэста, ужывалася таксама ў зах.-бел. і сав. бел. друку ў 1920—40-я г.
т. 3, с. 417
БЯРЭ́ШЧА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэшча (выцякае з возера) за 12 км на ПдЗ ад г. Лепель. Пл. 4,08 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыб. 1,3 м. Пл. вадазбору 127 км².
Схілы катлавіны спадзістыя, пад лесам і хмызняком. Берагі тарфяністыя, забалочаныя. Дно плоскае, глеістае. Зарастае. Упадае р. Кеста, выцякае р. Бярэшча, праз Бярэзінскі канал злучана з воз. Плаўна. Гнездаванне лебедэя-шыпуна, занесенага ў Чырвоную кнігу.
т. 3, с. 417
БЯСЕ́ДАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад г.п. Хоцімск, 211 км ад Магілёва, 42 км ад чыг. ст. Камунары. 481 ж., 180 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 3, с. 417
«БЯСЕ́ДА АМА́ТАРАЎ РУ́СКАГА СЛО́ВА»,
літаратурнае таварыства ў Пецярбургу ў 1811—16. Створана па ініцыятыве А.С.Шышкова (сходы збіраліся ў доме Г.Р.Дзяржавіна, які сваім удзелам павялічваў аўтарытэт т-ва). Некаторыя яго члены, заўзятыя прыхільнікі класіцызму, выступалі супраць моўнай рэформы М.М.Карамзіна, аддаючы перавагу стараслав. мове.
т. 3, с. 417
БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,
застольныя песні, творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.
І.К.Цішчанка.
т. 3, с. 417
БЯСКІ́ДЫ,
раз’яднаныя хрыбты ў паўн. ч. Карпат, у Польшчы, Чэхіі, Славакіі і на Украіне. Падзяляюцца на Зах. і Усх. Бяскіды. Даўж. каля 300 м. Выш. да 1725 (г. Бабіна). Складзены пераважна з флішаў. Ад восевай зоны Карпат аддзелены падоўжнымі далінамі і ўтвараюць асобныя плоскавяршынныя масівы з невысокімі пераваламі паміж імі. Букавыя і хвойныя лясы, на вяршынях — лугі (паланіны). Нац. паркі Бабінагорскі і Гарчанскі (Польшча), рэзерват Катліна пад Бабінай Гарой (Славакія).
т. 3, с. 417
БЯСКО́НЦАСЦЬ у матэматыцы, тое, што бесканечнасць.
т. 3, с. 417