Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУЛІ́ЕЎ (Кайсын Шуваевіч) (1.11.1917, с. Верхні Чэгем Чэгемскага р-на, Кабардзіна-Балкарыя — 4.6.1985),

балкарскі паэт. Нар. паэт Кабардзіна-Балкарыі (1967). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1935—39). Друкаваўся з 1934. Ў 1944 незаконна высланы з Кабардзіна-Балкарыі, да 1957 жыў у Кіргізіі. Паэтычныя цыклы «Мае суседзі» (1939—45), «Песні цяснін» (1947—51), кнігі вершаў «Паранены камень» (1964; Дзярж. прэмія РСФСР імя М.​Горкага 1966), «Мір дому твайму!» (1967), «Кніга зямлі» (1972), «Краса зямная» (1980) і інш. — своеасаблівы летапіс гіст. мінулага і сучаснага балкарскага народа, прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, жыццялюбствам, гуманізмам. Пераклаў на балкарскую мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, А.​Куляшоў, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1990.

Тв.:

Бел. пер. — Кніга зямлі. Мн., 1974;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77.

Літ.:

Рассадин С.Б. К.​Кулиев. М., 1974.

К.Ш.Куліеў.

т. 9, с. 5

КУЛІ́ЕЎ (Клыч) (1.1.1913, аул 1-ы Геакча Марыйскага р-на, Туркменістан — 12.9.1990),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1984). Чл.-кар. АН Туркменістана (1954). Скончыў Туркменскі пед. ін-т (Ашхабад, 1948). Друкаваўся з 1951. Аўтар гіст. раманаў «Няскораны алжырац» (1968), «Чорны караван» (1971), «Пасол эміра» (1978) пра барацьбу алжырскага народа супраць каланізатараў, пра станаўленне сав. улады ў Туркестане. Раман «Суровыя дні» (1964) пра заснавальніка туркм. л-ры Махтумкулі.

т. 9, с. 5

КУЛІ́К (Іван Юліянавіч) (26.1.1897, г. Шпола Чаркаскай вобл., Украіна — 10.10.1937),

украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. З 1914 у эміграцыі. З 1917 на Украіне. Уваходзіў у склад першага сав. ўрада Украіны. Ў 1924—26 сав. консул у Канадзе. У 1935—37 дырэктар Палітвыда Украіны. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Паэт. дэбют — зб. вершаў «Мае каламыйкі» (1921). Аўтар зб-каў востраграмадз. лірыкі «Зялёнае сэрца» (1923), «У акружэнні» (1927), «Пасталелая маладосць» (1935), празаічных твораў «Прыгоды Васіля Раленкі», «Чатырнаццатая люлька» (абодва 1932), «Запіскі консула» (1934). Пісаў публіцыстычныя, літ.-крытычныя артыкулы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Р.​Родчанка.

Тв.:

Поезії. Київ, 1967;

Рус. пер. — Записки консула. М., 1964.

В.​А.​Чабаненка.

т. 9, с. 5

КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач. артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.

Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.

Літ.:

Г.​И.​Кулик: [Публикация автобиогр. военачальника от 1939 г.] // Военно-ист. журн. 1990. № 3;

Шумейко Ю. Кулик // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 10;

Печенкин А. И ордена, и тюрьма: Роковая карьера маршала Кулика // Родина. 1996. № 6.

т. 9, с. 5

КУЛІ́К (Яўген Сяргеевіч) (н. 31.10.1937, Мінск),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). У станковых творах распрацоўвае тэмы гісторыі і культ. спадчыны бел. народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны» (1974), «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі» (з 1993), малюнкаў-рэканструкцый «Замкі Беларусі», лісты «Кірмаш на Беларусі ў 18 ст.» (усе 1977), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле рамана У.​Караткевіча (1978), «На куццю» паводле паэмы Я.​Купалы (1982), «Памяці Алены Кіш» (1983), «Паўстанне 1863 г. на Беларусі» (1988), трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша» (1996). Завершанасцю кампазіцый, сінтэзам выяўл. сродкаў вылучаюцца ілюстрацыі да кніг М.​Багдановіча, А.​Вольскага, В.​Зуёнка, Міколы Гусоўскага і інш.

Р.І.Кулік.
Я.Кулік. Старонка кнігі М.​Багдановіча «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». 1975.

т. 9, с. 6

КУЛІКІ́ (Limicolae),

падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.

Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.

т. 9, с. 6

КУЛІКІ́-САРО́КІ (Haematopus),

птушкі роду сяўцовых атр. сеўцападобных. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўн. Амерыкі. 4 віды. Пашыраны спарадычна па берагах мораў, унутр. вадаёмаў. На Беларусі трапляецца К.-с. звычайны (H. ostralegus). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП — 1 від і 1 падвід.

Даўж. да 43 см, маса да 500 г. Кормяцца малюскамі, дробнымі ракападобнымі, чарвямі, насякомымі, зрэдку дробнай рыбай. Нясуць 2—4 яйцы.

Кулік-сарока звычайны.

т. 9, с. 6

КУЛІКО́Ў (Валерый Пятровіч) (н. 27.2.1949, в. Лотва Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1996), праф. (1999). Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы ін-т (1971), дзе і працуе. Навук. працы па даследаванні тэхнал. працэсаў зваркі і неразбуральным кантролі зварных злучэнняў.

Тв.:

Расчет намагничивающих устройств для магнитографической дефектоскопии (разам з АМ.Беляговым, АП.​Гарышавым) // Дефектоскопия. 1989. № 2;

Технология и оборудование сварки плавлением. Могилев, 1998.

т. 9, с. 6

КУЛІКО́Ў (Віктар Георгіевіч) (н. 5.7.1921, с. Верхняя Любоўша Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1977). Герой Сав. Саюза (1981). У арміі з 1939. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1953) і Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну на Паўднёва-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Бел. франтах пераважна на камандных пасадах у танк. часцях. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. З 1969 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1971 нач. Генштаба, 1-ы нам. міністра абароны СССР. У 1977—89 галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1968.

В.Г.Кулікоў.

т. 9, с. 6

КУЛІКО́Ў (Іван Сямёнавіч) (н. 10.4.1949, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне энергетыкі і энергет. машынабудавання. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў Казанскі ун-т (1972). З 1974 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі (у 1995—98 нам. дырэктара), адначасова (з 1998) дырэктар дзярж. прадпрыемства «Белінвестэнергазберажэнне». Навук. працы па даследаванні трываласці і надзейнасці элементаў энергет. абсталявання, па пытаннях рэсурсаэнергазберажэння. Распрацаваў тэорыю разліку напружана-дэфармаванага стану нераўнамерна нагрэтых цел ва ўмовах рэактарнага апрамянення.

Тв.:

Прочность тепловыделяющих элементов быстрых газоохлаждаемых реакторов. Мн., 1984 (разам з Б.​Я.​Цвяркоўкіным);

Прочность элементов конструкций при облучении. Мн., 1990 (разам з В.​Б.​Несцярэнкам, Б.​Я.​Цвяркоўкіным).

т. 9, с. 6