ГАЛО́ЎНАЯ РУ́СКАЯ РА́ДА,
украінская нац.-культ. і паліт. арг-цыя ў Аўстр. імперыі ў 1848—51. Створана ў Львове прадстаўнікамі ўкр. інтэлігенцыі і уніяцкага духавенства ў час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі. Мела філіялы. Паводле праграмнага дакумента рады — адозвы да ўкр. народа ад 10.5.1848 — галіцыйскія ўкраінцы ўпершыню афіцыйна абвешчаны часткай укр. народа. Дамагалася нац.-культ. аўтаноміі ўкраінцаў у складзе Аўстр. імперыі, выкладання ў нар. школах на ўкр. мове і інш. Стварыла культ.-асв. т-ва, адкрыла Нар. дом у Львове, правяла з’езд дзеячаў укр. культуры, выдавала першую ў Галіцыі ўкр. газ. «Зоря галицька». Распушчана аўстр. ўладамі.
Літ.:
Косачевская Е.М. Восточная Галиция накануне и в период революции 1848 г. Львов, 1965.
т. 4, с. 469
ГАЛО́ЎНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
сінтаксічныя адзінкі ў форме слова ці спалучэння слоў, якія адыгрываюць асноўную ролю ў арганізацыі сказа. Да іх адносяцца дзейнік і выказнік 2-састаўнага сказа і галоўны член 1-састаўнага сказа. Дзейнік і выказнік сінтаксічна раўнапраўныя, узаемазалежныя, прадвызначаюць адзін аднаго і ў сваім аб’яднанні ўтвараюць структурную аснову сказа.
Могуць быць фармальна прыпадобненыя (каардынаваныя): «У небе звінелі жаваранкі» і непрыпадобненыя (некаардынаваныя): «Падрыхтаваць цікавы даклад — справа нялёгкая»; заўсёды цесна звязаны па сэнсе: «Грош цана такой рабоце». Паміж дзейнікам і выказнікам заўсёды існуюць прэдыкатыўныя адносіны; дзейнік звычайна абазначае прадмет, выказнік — адзнаку прадмета, паказвае на час яе выяўлення, суадноснасць выказвання з рэчаіснасцю. Галоўны член састаўнага сказа суадносіцца па форме з дзейнікам або выказнікам 2-састаўнага сказа, але адрозніваецца па значэнні: ён адзін фарміруе прэдыкатыўнае ядро, складае структурную аснову сказа («Раніца. Цішыня»; «Са смагі поўны п’ю карэц халоднага бярозавага соку»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
Л.І.Бурак.
т. 4, с. 470
ГАЛО́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ
(ГАСА) у Варшаве. Засн. ў 1808 як Агульнакраёвы архіў, з 1816 Гал. архіў Польскага Каралеўства, з 1889 Варшаўскі гал. архіў стараж. актаў, з 1918 ГАСА. Зберагае найб. каштоўныя дакументы пра дзейнасць найвышэйшых улад Польскай дзяржавы ад 14 ст., самы стараж. дакумент датуецца 1155. Захоўвае дакументы органаў улады і ўстаноў зямель Кароны Польскай і ВКЛ у асноўным перыяду ўваходу ў Рэч Паспалітую. Сярод найб. каштоўных дакументаў, што датычаць Беларусі, асобныя кнігі метрыкі ВКЛ, сумарыуш і копія метрыкі сярэдзіны 18 ст., пергаментныя дакументы з Нясвіжскага архіва кн. Радзівілаў (каралеўскія і прыватныя, 16—18 ст.),
радавыя архівы Патоцкіх з Радзыні (1500—1841), Браніцкіх (1526, 1661—1790), Панятоўскіх (1461—1797), Патоцкіх з Яблоны (1486—1926), Пшаздзецкіх (1539—1729), Радзівілаў з Паланечак (15—19 ст.), Фашчаў (1583—1865), Прозараў і Ельскіх (1624—1915) і інш., маянтковыя архівы. У аддзеле картаграфічных фондаў збор планаў і картаў тэр. Беларусі.
У.Стэмпняк.
т. 4, с. 469
ГАЛО́ЎНЫ КАМІТЭ́Т ПА СЯЛЯ́НСКАЙ СПРА́ВЕ,
урадавая ўстанова ў Расіі па разглядзе праектаў адмены прыгоннага права ў 1858—61. Пераўтвораны з Сакрэтнага к-та па сял. справе. Знаходзіўся ў распараджэнні імператара. Старшынёй быў кн. А.Ф.Арлоў, потым вял. кн. Канстанцін Мікалаевіч, членамі — міністры, чл. Дзярж. савета і інш.
т. 4, с. 469
ГАЛО́ЎНЫ ЛІТО́ЎСКІ ТРЫБУНА́Л,
вышэйшы апеляцыйны суд у ВКЛ, гл. Трыбунал Вялікага княства Літоўскага.
т. 4, с. 469
ГАЛО́ЎНЫ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
вышэйшая пед. навуч. ўстанова ў Пецярбургу ў 1816—19, 1829—59. Засн. на базе рэарганізаванага Пецярбургскага пед. ін-та (1804—16), атрымаў правы ун-та. Рыхтаваў настаўнікаў гімназій, прыватных навуч. устаноў і пансіёнаў, прафесараў і выкладчыкаў ВНУ. Тэрмін навучання 6 гадоў; аддзяленні філас. і юрыд. навук, фіз. і матэм. навук, гіст. і славесных навук. У 1819 рэарганізаваны ў Пецярб. ун-т. Галоўны педагагічны інстытут зноў адчынены ў 1829 як закрытая навуч. ўстанова для падрыхтоўкі педагогаў вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў (падрыхтаваў 682 педагогі). Выпускнікамі ін-та былі М.А.Дабралюбаў, Дз.І.Мендзялееў і інш. Спыніў дзейнасць у 1859.
т. 4, с. 469
ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,
вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.Брыль).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 4, с. 469
ГАЛО́ЎНЫ, АБО ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ, ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа, у яго найб. прыўзнятай восевай частцы. Працягваецца з З — ПнЗ на У — ПдУ. З’яўляецца водападзелам рэк, якія сцякаюць на Пн (бас. Кубані, Церака, Сулака і інш.) і на Пд (бас. Кадоры, Інгуры, Рыёні, Куры і інш.). Выш. да 5068 м (г. Шхара). Ледавікі. Гл. Каўказ.
т. 4, с. 469
ГАЛО́ЎСК,
тры стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Галоўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на паўд. ускраіне тарфяніку Крывіна. На 1-й стаянцы выяўлены 2 культ. гарызонты: у ніжнім — крамянёвыя і касцяныя вырабы, абломкі гладкасценных слабаарнаментаваных гаршкоў крывінскага варыянта нарвенскай культуры 2-й пал. 3-га тыс. да н.э.; у верхнім — рэшткі пабудоў з кары і жэрдак, прылады працы з рогу і косці, крамянёвыя вырабы паўночнабеларускай культуры 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Знаходкі астатніх стаянак адпавядаюць знаходкам з культурных пластоў 1-й стаянкі.
т. 4, с. 470
ГАЛО́ЎЧАНКА Надзея Іванаўна
(30.9 1905, г. Керч, Украіна — 5.7.1990),
бел. графік. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931) і Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1948). Выкладала ў Мінскім маст. вучылішчы (1950—60). Працавала пераважна ў тэхніцы акварэлі. Аўтар твораў, якія вылучаюцца актыўным, дасканалым малюнкам, гарманічным колерам, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў: аўтапартрэт (1944), партрэты «Лётчык», «Герой Савецкага Саюза» (абодва 1946), «Брыгадзір Макаранка» (1953), Я.Маўра (1956), І.Мележа (1957), П.Глебкі, М.Міхалапа (абодва 1958) і інш. Сярод інш. работ: «Ліст ад унука», шэраг пейзажаў.
Літ.:
Н.І.Галоўчанка / Аўтар тэксту Т.Ф.Ляўкова. Мн., 1983.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 470