ГАЛО́ЎСК,

тры стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Галоўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на паўд. ускраіне тарфяніку Крывіна. На 1-й стаянцы выяўлены 2 культ. гарызонты: у ніжнім — крамянёвыя і касцяныя вырабы, абломкі гладкасценных слабаарнаментаваных гаршкоў крывінскага варыянта нарвенскай культуры 2-й пал. 3-га тыс. да н.э.; у верхнім — рэшткі пабудоў з кары і жэрдак, прылады працы з рогу і косці, крамянёвыя вырабы паўночнабеларускай культуры 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Знаходкі астатніх стаянак адпавядаюць знаходкам з культурных пластоў 1-й стаянкі.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)