Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́РДЗІ,

Хардзі (Hardy) Томас (2.6.1840, Апер-Бакхэмптан, графства Дорсет, Вялікабрытанія — 11.1.1928), англійскі пісьменнік. Вывучаў архітэктуру ў Лонданскім ун-це. Працаваў пам. архітэктара ў Лондане (1862—67). З 1880 прафесійны літаратар. У яго раманах, напісаных у рэчышчы крытычнага рэалізму з элементамі натуралізму, дзейнічаюць сяляне і мяшчане з выдуманай мясцовасці Уэсекс («Пад дрэвам Грынвуда», 1872; «Далёка ад шаленства натоўпу», 1874; «Вяртанне сваяка», 1878; «Гарадскі галава Кэстэрбрыджа», 1886; «Тэс, сапраўдная жанчына з д’Эрбервіляў», 1891, і інш.). З імі тэматычна звязаны зб-кі вершаў «Вершы пра Уэсекс і іншыя» (1898) і навел «Грымасы лёсу» (1904). У эпічнай драме «Дынасты» (ч. 1—3, 1903—08), прасякнутай духам фаталізму, паўстае Еўропа напалеонаўскіх войнаў. У апошнія гады жыцця Гардзі сімпатызаваў пісьменнікам левага кірунку (зб. вершаў «Пазнейшая і ранейшая лірыка», 1922).

Тв.:

Works. Vol. 1—37.London, 1919—20;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—3. М., 1988—89.

Літ.:

Томас Харди: Биобиблиогр. указ. М., 1982.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 5, с. 59

ГАРДЗІЕ́НКА Анатоль Іларыёнавіч

(н. 18.12.1941, с. Локці Омскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне металафізікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1996), д-р тэхн. н. (1983), праф. (1991). Скончыў БДУ (1964). З 1967 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1990 нам. дырэктара. Навук. працы па тэорыі фазавых і структурных ператварэнняў у металах пры ўздзеянні інтэнсіўных патокаў энергіі. Распрацаваў новыя бранявыя матэрыялы з выкарыстаннем тэхналогій электратэрмічнага ўмацавання. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Структурные и фазовые превращения в титановых сплавах при быстром нагреве. Мн., 1983 (разам з А.А.Шыпко).

т. 5, с. 59

ГА́РДЗІН Уладзімір Расціслававіч

(18.1.1877, Масква — 28.5.1965),

рускі акцёр і рэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1947). Творчую дзейнасць пачаў у 1898 у правінцыяльных т-рах, у 1904—05 акцёр Тэатра В.Камісаржэўскай (Пецярбург), потым Маскоўскага т-ра Корша. Сярод роляў: Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога). З 1913 працуе ў кіно. Атрымаў вядомасць як рэжысёр і сцэнарыст фільмаў-экранізацый «Ганна Карэніна» і «Крэйцэрава саната» (абодва 1914), «Вайна і мір» (1915, разам з Я.Пратазанавым; усе паводле Талстога), «Дваранскае гняздо» і «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (абодва 1915) і інш. У 1919 заснаваў і быў кіраўніком 1-й Дзяржкінашколы (цяпер Усерасійскі дзярж. ін-т кінематаграфіі). Паставіў фільмы: «Дзевяноста шэсць» (1919), «Паэт і цар» (1927), «Кастусь Каліноўскі» (1928) і інш. Зняўся ў фільмах «Сустрэчны» (1932), «Іудушка Галаўлёў» (1934) і інш.

т. 5, с. 59

ГАРДЗІ́ЦКІ Аляксей Кузьміч

(н. 2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах г. Брэст),

бел. крытык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1956). Працаваў у дзіцячым доме, сакратаром райкома камсамола, журналістам на Брэстчыне. З 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1966 у Дзяржкамдруку Беларусі, з 1972 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1959. Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра л-ру («Дыялогі», 1968; «Сустрэчы», 1972; «Вачыма сяброў», 1977; «Сябрына», 1986; «Гутаркі», 1988); літ.-знаўчых прац («Пра майстэрства дэталі», 1969, «Творчасць Івана Шамякіна», 1971). Выступае ў жанры малой прозы. Складальнік біягр. даведнікаў «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990)» (1994).

Я.Р.Лецка.

т. 5, с. 59

ГАРДЗЯЛКО́ЎСКАЯ Тэрэза

(1854 — май 1933),

бел. перакладчыца і выдавец. Мела маёнтак Габрылёва-Папоўка (Талачынскі р-н, у межах в. Сані). У 1908 з сынам арганізавала там бел. школу, дзе настаўнікам працаваў Я.Колас. Перакладала на бел. мову творы рус. і польск. пісьменнікаў («Дым» М.Канапніцкай», 1909; «Архіп і Лявонка» М.Горкага, 1910; «Дзядзька голад» С.Віткевіча, 1911). Друкавалася пад псеўд. Зязюля, Т.Г. На ўласныя сродкі выдавала свае пераклады, кнігі Я.Коласа, Ядвігіна Ш. і інш.

В.У.Скалабан.

т. 5, с. 59

ГА́РДНЕР

(Gardner) Джон Чэмплін (21.7.1933, г. Батэйвія, штат Нью-Йорк, ЗША — 14.9.1982),

амерыканскі пісьменнік, гісторык літаратуры, мастак. Аўтар раманаў «Уваскрэсенне» (1966), «Дыялогі з Сонечным» (1972), «Нікелевая гара» (1973), «Кастрычніцкае святло» (1976), «У гарах Самазабойства» (1977), «Кніга Фрэдзі» (1980), «Здані Мікельсана» (1982), аповесцей (зб. «Стараіндыйская абарона», 1974), апавяданняў (зб. «Мастацтва жыць», 1981, і інш.), літаратуразнаўчых даследаванняў. У сваіх творах сцвярджаў гуманіст. ідэалы, маральныя каштоўнасці, прыгажосць натуральнасці і годнасці асобы. Значную ўвагу аддаваў праблемам псіхалогіі і філасофіі пісьменніцкай працы.

Тв.:

Рус. пер. — Никелевая гора: Роман;

Королевский гамбит. Повесть;

Рассказы. М., 1979;

Осенний свет. М., 1981;

Искусство жить: Рассказы. М., 1984;

Жизнь и время Чосера. М., 1986.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 60

ГАРДНЕРЭЛЁЗ,

бактэрыяльны вагіноз, бактэрыяльная хвароба палавых органаў чалавека. Узнікае ў выніку замяшчэння іх нармальнай мікрафлоры анаэробнымі бактэрыямі (напр., гарднерэла, адсюль назва). Перадаецца палавым шляхам. Найчасцей хварэюць жанчыны (паражаюцца похва і шыйка маткі), радзей мужчыны (пашкоджваюцца мочавыдзяляльны канал і прастата); магчыма ўнутрывантробнае інфіцыраванне плода. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Сімптомы: звадкаваныя выдзяленні з похвы і мочавыдзяляльнага канала з непрыемным пахам, сверб і смыленне ў палавых органах. Лячэнне: антыбіётыкі, змазванне слізістых абалонак похвы спец. растворамі.

т. 5, с. 60

ГАРДО́ВІНА,

гл. ў арт. Каліна.

т. 5, с. 60

ГАРДО́Н Валерый Сяргеевіч

(н. 3.3.1945, г. Падольск Маскоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне матэм. і тэхн. кібернетыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па метадах і праграмах рашэння задач тэорыі раскладаў і экстрэмальных камбінаторных задач. Распрацаваў эфектыўныя метады рашэння задач тэорыі раскладаў для аднастайных дэтэрмінаваных сістэм абслугоўвання.

Тв.:

Теория растений. Одностадийные системы. М., 1984 (разам з В.С.Танаевым, Я.М.Шафранскім).

М.П.Савік.

т. 5, с. 60

ГАРДЭМАРЫ́Н

(франц. garde-marine літар. марская гвардыя),

званне ў ВМФ Расіі ў 1716—1917. Уведзена Пятром І для выпускнікоў Марской акадэміі пры накіраванні іх на флоцкую практыку (пасля практыкі атрымлівалі афіцэрскі чын). Напачатку прыраўноўваліся да салдат гвардыі і насілі форму Праабражэнскага палка. З 1752 гардэмарынамі наз. выпускнікі Марскога кадэцкага корпуса. У 1906 уведзена званне «карабельны гардэмарын».

т. 5, с. 60