ГА́РДЗІ,
Хардзі (Hardy) Томас (2.6.1840, Апер-Бакхэмптан, графства Дорсет, Вялікабрытанія — 11.1.1928), англійскі пісьменнік. Вывучаў архітэктуру ў Лонданскім ун-це. Працаваў пам. архітэктара ў Лондане (1862—67). З 1880 прафесійны літаратар. У яго раманах, напісаных у рэчышчы крытычнага рэалізму з элементамі натуралізму, дзейнічаюць сяляне і мяшчане з выдуманай мясцовасці Уэсекс («Пад дрэвам Грынвуда», 1872; «Далёка ад шаленства натоўпу», 1874; «Вяртанне сваяка», 1878; «Гарадскі галава Кэстэрбрыджа», 1886; «Тэс, сапраўдная жанчына з д’Эрбервіляў», 1891, і інш.). З імі тэматычна звязаны зб-кі вершаў «Вершы пра Уэсекс і іншыя» (1898) і навел «Грымасы лёсу» (1904). У эпічнай драме «Дынасты» (ч. 1—3, 1903—08), прасякнутай духам фаталізму, паўстае Еўропа напалеонаўскіх войнаў. У апошнія гады жыцця Гардзі сімпатызаваў пісьменнікам левага кірунку (зб. вершаў «Пазнейшая і ранейшая лірыка», 1922).
Тв.:
Works. Vol. 1—37.London, 1919—20;
Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—3. М., 1988—89.
Літ.:
Томас Харди: Биобиблиогр. указ. М., 1982.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 5, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)