СЕМІНА́РЫЯ (ад семінар),
агульнаадукацыйная навуч. ўстанова, што рыхтавала духавенства або настаўнікаў для пач. школ. Узнікненне духоўных С. звязана з Трыенцкім саборам (1545—63), на якім было вырашана арганізаваць шэраг спец. навуч. устаноў для падрыхтоўкі добраадукаваных асоб. Каталіцкія духоўныя С. звычайна адкрывалі мясц. біскупы. Выкладчыкамі ў іх былі прадстаўнікі якога-н. манаскага ордэна. На Беларусі першыя духоўныя С. засн. ў Вільні (1582) і Краславе (1755), належалі ордэну місіянераў, які да 1-й трэці 19 ст. кантраляваў С. ў Беластоку, Вільні, Заслаўі, Магілёве. Дамініканцам належала С. ў Мінску. Духоўныя С. існавалі таксама ў Брэсце і Нясвіжы. Пры Віленскім ун-це ў 1808—32 дзейнічала гал. духоўная С., якая рыхтавала біскупаў, прэлатаў і канонікаў каталіцкага і уніяцкага веравызнання. Яна мела праграму духоўнай акадэміі і была разлічана на 50 клірыкаў. Пасля задушэння паўстання 1830—31 большасць духоўных С. скасавана. У сярэдзіне 19 ст. каталіцкія духоўныя С. захаваліся ў Вільні, Мінску, Магілёве. Яны былі разлічаны на 20—50 клірыкаў; у іх выкладаліся: багаслоўе, царк. абрады, маральная, дагматычная, палемічная тэалогіі, кананічнае права, рыторыка, логіка, духоўнае красамоўства, свяшчэнная і айч. гісторыя, лац., франц., польск. і рус. мовы, нар. права, патрыстыка, фізіка, матэматыка, спевы, паліт. эканомія. З 1822 выкладчыкамі маглі быць толькі асобы, якія мелі дыпломы доктара ці магістра багаслоўя. Для паступлення ў С. патрэбен быў дазвол губернатара. У пач. 20 ст. каталіцкая духоўная С. захавалася толькі ў Вільні. Першая уніяцкая духоўная С. адкрыта ў 1746 у мяст. Свержань. На пач. 19 ст. яны дзейнічалі ў Лаўрышаве, Супраслі, Полацку, Жыровічах. Навуч. праграма была такая ж, як і ў каталіцкіх С. У 1820—30-я г. яны скасаваны ці ператвораны ў праваслаўныя. Права слаўныя духоўныя С. пачалі стварацца на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. (у 1752 у Магілёве, у 1785 у Слуцку) і па сваёй праграме нагадвалі езуіцкія калегіумы. У адпаведнасці са статутам 1808 мелі 6 класаў і падпарадкоўваліся духоўным акадэміям. Іх праграма адпавядала 4 старэйшым класам гімназіі; выкладаліся: рус., грэч. і лац. мовы, эстэтыка, рыторыка, гісторыя, геаграфія, алгебра, геаметрыя, механіка, медыцына, логіка, метафізіка, мараль, багаслоўе, герменеўтыка, царк. абрады, сельская гаспадарка. Пасля заканчэння С. лепшыя выпускнікі працягвалі адукацыю ў акадэміях, астатнія выкладалі ў пав. і прыходскіх духоўных вучылішчах ці ішлі ў манастыры. Паводле рэформы 1867—69 С. сталі незалежнымі ад духоўных акадэмій, з навуч. праграмы выключаны сельская гаспадарка і медыцына, уведзена педагогіка; пры С. адкрыты нядзельныя школы. У 1884 прыняты новы статут духоўных С., паводле якога ў іх павінен быў выкладацца поўны курс класічнай гімназіі, а таксама псіхалогія, гісторыя філасофіі, сельская гаспадарка і медыцына. На пач. 20 ст. такія С. дзейнічалі ў Віцебску, Вільні, Мінску, Магілёве. У наш час у Жыровічах існуе праваслаўная духоўная С. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя). У 19 ст., з пашырэннем ідэі І.Г.Песталоці аб сістэматычнай падрыхтоўцы настаўнікаў, пачалі масава адкрывацца настаўніцкія семінарыі (першапачаткова яны з’явіліся ў Францыі і Германіі ў канцы 17 ст.).
Літ.:
Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. СПб., 1890;
Жукович П.Н. Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.). СПб., 1887;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
А.Ф.Самусік.
т. 14, с. 319