СЕМІТАЛО́ГІЯ,
комплекс навук, якія вывучаюць мову, л-ру, культуру і гісторыю семітамоўных народаў. Вывучае жывыя і мёртвыя семіцкія мовы, уключае асірыялогію, арабістыку, біблеістыку, гебраістыку, сабеістыку, эфіопіку і інш.
Вывучэнне семіцкіх моў пачалі сірыйскія, араб., яўр. вучоныя-багасловы з мэтай удакладнення чытання і разумення рэліг. кніг (7—12 ст.). У Еўропе С. ўзнікла ў эпоху Адраджэння (15—16 ст.), калі павялічылася цікавасць да вывучэння семіцкіх моў і Бібліі; яе заснавальнікі І.Ройхлін і І.Буксторф Старэйшы ў Германіі і Ю.Ц.Скалігер у Францыі.
Навук. дысцыплінай С. стала ў 19 ст., калі выйшлі фундаментальныя працы па граматыцы, параўнальным аналізе, эпіграфіцы і інш. праблемах С. У 19 ст. найб. ўклад у С. зрабілі вучоныя Германіі: Т.Нёльдэке, В.Ф.Г.Гезеніус (стараж.-яўр. слоўнік і граматыка), Ю.Вельгаўзен, Р.Кітэль (біблеістыка), Ф.Прэторыус, К.Ф.А.Дзільман (эфіопіка), М.Лідзбарскі (эпіграфіка), К.Брокельман (параўнальная граматыка семіцкіх моў); а таксама Францыі (А.І.Сільвестр дэ Сасі, Э.М.Катрмер), Венгрыі (І.Гольдцыер), Расіі (Д.А.Хвольсан, А.Я.Гаркаві, Б.А.Тураеў, М.В.Нікольскі, у сав. час — І.Ю.Крачкоўскі, Н.В.Пігулеўская, Р.Ш.Шарбатаў, М.У.Юшманаў і інш.). У 1882 утворана Рас. палесцінскае т-ва (з 1918 — пры АН). У 20 ст. С. развівалася на базе матэрыялаў, здабытых у выніку археал. раскопак на Б. Усходзе, знаходак Мёртвага мора рукапісаў. На Беларусі праблемы С. даследавалі М.М.Нікольскі, Г.М.Ліўшыц, Г.В.Сініла і інш.
т. 14, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)