СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл. Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж. час. Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач 1-га тыс. н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял. тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).
т. 14, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)