Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),

старажытнагрэчаскі драматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводле ант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.​Дрэйзін.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Эсхіл. Прыкуты Праметэй;

Сафокл. Антыгона. Мн., 1993;

Рус. пер. — Трагедии. М., 1988;

Драмы. М., 1990.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Сафокл.

т. 14, с. 201

САФО́НАЎ (Васіль Ільіч) (25.1.1852, станіца Іцюрская Стаўрапольскага краю, Расія — 27.11.1918),

рускі піяніст, педагог, дырыжор, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. З 1880 выкладаў у Пецярбургскай, з 1885 у Маскоўскай (праф., у 1889—1905 дырэктар) кансерваторыях. З 1889 дырыжор сімф. аркестра Маскоўскага аддз. муз. т-ва. У 1906—09 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра і дырэктар Нац. кансерваторыі ў Нью-Йорку. Як піяніст вылучаўся высокай культурай, выразнай тэхнікай і тонкасцю маст. інтэрпрэтацыі. У пед. практыцы звярнуў увагу на развіццё муз. мыслення, майстэрства гукаатрымання, удасканаленне фп. тэхнікі. Аўтар метадычнай працы «Новая формула» (1915). Значны ўклад яго ў развіццё рус. піяністычнай школы. Сярод вучняў А.​Скрабін, М.​Метнер, А.​Гнесіна, А.​Гедыке, бел. піяністка-педагог В.​Сямашка.

В.​Л.​Пракапцова.

т. 14, с. 201

САФО́НАЎ (Міхаіл Фролавіч) (13.1.1925, в. Шастакі Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.7.1996),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1943 у партыз. атрадзе на Магілёўшчыне, з 1944 на фронце. Разведчык радавы С. вызначыўся ў 1944 пры захопе «языка» (Польшча) і ў 1945 у баях на тэр. Германіі. Пасля вайны да 1985 на гасп. рабоце.

т. 14, с. 201

САФО́РА (Sophora),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, радзей ва ўмераных шыротах. На Беларусі інтрадукавана С. японская (S. japonica).

Дрэвы, кусты, часам шматгадовыя травы Лісце непарнаперыстаскладанае, чаргаванае. Кветкі белыя, жаўтаватыя, ружовыя, фіялетавыя, у гронках або мяцёлках. Плод — боб. Усе віды ядавітыя. Лек., дэкар., фарбавальныя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сафора таўстаплодная.

т. 14, с. 201

САФРАНІ́ЦКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (25.4.1901, С.-Пецярбург — 29.8.1961),

рускі піяніст і педагог. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1942). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1921, кл. Л.​Нікалаева). З 1936 праф. Ленінградскай, з 1942 — Маскоўскай кансерваторый. Выкананне вызначалася непаўторнай інтэрпрэтацыяй, рамант. узвышанасцю, бліскучай тэхнікай, інтанацыйным і вобразным багаццем. У рэпертуары класічныя і рамант. фп. творы, у т. л. Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, Р.​Шумана, А.​Скрабіна. Сярод вучняў бел. піяніст-педагог Р.​Шаршэўскі. Дзярж. прэмія СССР 1943.

В.​П.​Пракапцова.

т. 14, с. 201

САФРО́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед. ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.​Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.​Звонак, П Панчанка, У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1971—72;

Океания: Избр. М., 1980;

Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;

На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.

Літ.:

Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.​Софронова. М., 1972;

Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.​Софронова. М., 1985.

А.У.Сафронаў.

т. 14, с. 201

САФРО́НІЙ УРАЧА́НСКІ (свецкае Стойка Уладзіславаў; 1739, г. Коцел, Балгарыя — 22 ці 23.9.1813),

балгарскі царк. дзеяч, пісьменнік і асветнік. З 1762 святар у г. Коцел, з 1794 епіскап у г. Враца (адсюль празванне Урачанскі). Ратуючыся ад тэрору турэцкіх ваен.-рабаўнічых атрадаў кірджаліяў, у 1803 эмігрыраваў у Бухарэст. У зб. «Штодзённік» (1806, першая друкаваная кніга новабалг. л-ры) і інш. творах выступаў супраць засілля грэч. духавенства, за асвету балг. народа, зрабіў важны крок у развіцці балг. літ. мовы.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнеописание. Л., 1976.

т. 14, с. 202