САФО́НАЎ (Васіль Ільіч) (25.1.1852, станіца Іцюрская Стаўрапольскага краю, Расія — 27.11.1918),
рускі піяніст, педагог, дырыжор, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. З 1880 выкладаў у Пецярбургскай, з 1885 у Маскоўскай (праф., у 1889—1905 дырэктар) кансерваторыях. З 1889 дырыжор сімф. аркестра Маскоўскага аддз. муз. т-ва. У 1906—09 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра і дырэктар Нац. кансерваторыі ў Нью-Йорку. Як піяніст вылучаўся высокай культурай, выразнай тэхнікай і тонкасцю маст. інтэрпрэтацыі. У пед. практыцы звярнуў увагу на развіццё муз. мыслення, майстэрства гукаатрымання, удасканаленне фп. тэхнікі. Аўтар метадычнай працы «Новая формула» (1915). Значны ўклад яго ў развіццё рус. піяністычнай школы. Сярод вучняў А.Скрабін, М.Метнер, А.Гнесіна, А.Гедыке, бел. піяністка-педагог В.Сямашка.
В.Л.Пракапцова.
т. 14, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)