Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САСКУЭХА́НА (Susquehanna),

рака на У ЗША. Даўж. 990 км, пл. бас. 71 тыс. км². Вытокі ў Апалачах, перасякае плато Підмант, дзе ўтварае парогі і вадаспады, упадае ў Чэсапікскі зал. Атл. ак. Веснавое разводдзе, межань у вер.—лістападзе. Ледастаў ад канца снеж. да канца сак.пач. красавіка. Сярэдні расход вады 1140 м³/с. ГЭС. Суднаходная ў ніжнім цячэнні.

т. 14, с. 190

САСЛО́ЎНАЯ МАНА́РХІЯ, саслоўна-прадстаўнічая манархія,

форма дзяржавы, пры якой улада манарха спалучалася з органамі саслоўнага прадстаўніцтва дваранства, духавенства і гараджан. Склалася ў большасці краін Еўропы ў 13—14 ст. у працэсе фарміравання агульнадзярж. саслоўяў і органаў саслоўнага прадстаўніцтва (парламент у Англіі, Ген. штаты ў Францыі, картэсы ў Іспаніі, Сейм у ВКЛ, Польшчы, Чэхіі і інш.). Саслоўнае прадстаўніцтва ў выглядзе Земскіх сабораў у 16—17 ст. існавала і ў Расіі. Звычайна С.м. гістарычна папярэднічала абсалютызму. У Рэчы Паспалітай (у складзе ВКЛ і Польшчы) абсалютызм не склаўся да канца яе існавання.

т. 14, с. 190

САСНА́,

тое, што хвоя.

т. 14, с. 190

САСНА́ (Сосна) Рыгор Афанасьевіч

(н. 30.4.1939, в. Шэрні Падляскага ваяв., Польшча),

бел. гісторык, краязнавец і грамадскі дзеяч у Польшчы. Магістр багаслоўя (1966). Скончыў Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве (1963). Служыў святаром у бел. правасл. прыходах Беласточчыны, з 1987 настаяцель прыхода ў в. Рыбалы. Вывучае гісторыю правасл. царквы ў Польшчы, бібліяграфію ўсх. хрысціянства, польскі друк пра Беларусь. Падрыхтаваў і выдаў зб-кі дакументаў «Праваслаўная царква на Беласточчыне і адносіны да яе дзяржаўнай улады II Рэчы Паспалітай» (1991) і «Нацыянальныя і рэлігійныя справы на Беласточчыне (1944—1948) і адносіны да іх Польскай дзяржавы» (1996). Аўтар даследавання «Бібліяграфія праваслаўных прыходаў на Беласточчыне» (ч. 1—4, 1984—93), артыкулаў у рэліг. выданнях. Чл. Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.

Л.​У.​Языковіч.

т. 14, с. 190

САСНАВІ́К (Іосіф Лазаравіч) (29.9.1899, в. Геленава, Міёрскі р-н Віцебскай вобл. — ?),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1959), праф. (1962). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1926). З 1934 у Віцебскім мед. ін-це (з 1960 заг. кафедры). Навук. працы па траўматызме нерв. сістэмы і праблемах паталогіі мазгавога кровазвароту.

Тв.:

К клинике и течению тромбоза внутренней сонной артерии // Сов. медицина. 1962. № 4;

Об этиопатогенезе преходящих нарушений мозгового кровообращения // Здравоохранение Белоруссии. 1969. № 11.

т. 14, с. 190

САСНІ́Н (Георгій Пятровіч) (7.2.1916, в. Зюльзя Нерчынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 19.9.1999),

бел. вучоны ў галіне стаматалогіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі мед. стаматалагічны ін-т (1941). У 1971—97 у Мінскім мед. ін-це (да 1988 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях тэрапеўт. і артапедычнай стаматалогіі.

Тв.:

Післяопераційне протезування зубів і щелеп. Київ, 1960;

Замещение дефектов зубных рядов съемными протезами. Опирающиеся (бюгельные) протезы // Руководство по ортопедической стоматологии. М., 1974;

Бюгельные протезы. Мн., 1981.

т. 14, с. 190

САСНО́ВЕЦ (Sosnowiec),

горад на Пд Польшчы, у Верхнесілезскай агламерацыі, у Шлёнскім ваяводстве. Каля 300 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр вугальнай і металургічнай прам-сці. Развіты таксама горнае машынабудаванне, тэкст. (шарсцяная), швейная, харч. прам-сць. Горны музей.

т. 14, с. 190

САСНО́ВЫЯ ЛЯСЫ́,

тое, што хваёвыя лясы.

т. 14, с. 190

САСНО́ВЫ БОР,

рабочы пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл. За 16 км на ПдЗ ад Светлагорска, 126 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Жэрдзь на лініі Жлобін—Калінкавічы, на аўтадарозе, якая злучае С.Б. са Светлагорскам. 2,5 тыс. ж. (2001).

Узнік як пасёлак у 1955 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства «Васілевічы 2-я» (з 1959 «Светлагорскае»). 3.7.1959 пераўтвораны ў рабочы пасёлак.

Працуюць з-д «Светлагорсккорммаш» (філіял ВА «Гомсельмаш»), сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Сасновы Бор», акц. т-ва «Светлбытсервіс»; сярэдняя і дзіцячая муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, спарт. комплекс, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 190

САСНО́ЎКА,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Асцёр (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 201 км².​ Пачынаецца за 3 км на З ад в. Склімін, вусце на ўскраіне в. Хадунь. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна трапецападобная, шыр. 0,5—1,5 км. Пойма двухбаковая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 100—200 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні пашыраецца да 500 м. Рэчышча на працягу 15 км каналізаванае, на астатніх участках звілістае, шыр. 5—10 м, у вярхоўі перасыхае.

т. 14, с. 191