САСНА́ (Сосна) Рыгор Афанасьевіч
(н. 30.4.1939, в. Шэрні Падляскага ваяв., Польшча),
бел. гісторык, краязнавец і грамадскі дзеяч у Польшчы. Магістр багаслоўя (1966). Скончыў Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве (1963). Служыў святаром у бел. правасл. прыходах Беласточчыны, з 1987 настаяцель прыхода ў в. Рыбалы. Вывучае гісторыю правасл. царквы ў Польшчы, бібліяграфію ўсх. хрысціянства, польскі друк пра Беларусь. Падрыхтаваў і выдаў зб-кі дакументаў «Праваслаўная царква на Беласточчыне і адносіны да яе дзяржаўнай улады II Рэчы Паспалітай» (1991) і «Нацыянальныя і рэлігійныя справы на Беласточчыне (1944—1948) і адносіны да іх Польскай дзяржавы» (1996). Аўтар даследавання «Бібліяграфія праваслаўных прыходаў на Беласточчыне» (ч. 1—4, 1984—93), артыкулаў у рэліг. выданнях. Чл. Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.
Л.У.Языковіч.
т. 14, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)