Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́АРЫНЕНЫ (Saarinen),

сям’я архітэктараў. Нарадзіліся ў Фінляндыі. Эліэль С. (20.8.1873, г. Рантасалмі — 30.6.1950), фінскі архітэктар, пачынальнік нац. рамантызму ў фін. архітэктуры. У 1893—97 вучыўся ва ун-це і політэхн. ін-це ў Хельсінкі. З 1923 працаваў у ЗША. Зазнаў уплыў амер., англ. і ням. архітэктуры канца 19 ст. Супрацоўнічаў з арх. А.​Ліндгрэнам і Г.​Гезеліусам (сумесныя пабудовы — фін. павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1900; Нац. музей у Хельсінкі, 1906—09). Звяртаўся да традыцый фін. нар. дойлідства, выкарыстоўваў мясц. буд. матэрыялы (дрэва, граніт), урачысты, геам. арнаментальны дэкор, імкнуўся да рацыянальнай арг-цыі прасторы (цэнтр. вакзал у Хельсінкі, 1904—14). Стварыў праект «Вял. Хельсінкі» (1915—18, не ажыццёўлены), засн. на прынцыпах дэцэнтралізацыі гар. структуры, імкненні да адзінства архітэктуры і ландшафту, што паўплывала на горадабудаўніцтва 20 ст. Эра С. (20.8.1910, г. Кірканумі — 1.7.1961), амер. архітэктар. Сын Эліэля С. З 1923 жыў у ЗША; працаваў з бацькам. Вучыўся ў арх. школе Іельскага унта ў Нью-Хейвене (1934). Пасля смерці бацькі здзейсніў іх сумесны праект Тэхн. цэнтра кампаніі «Джэнерал мотарс» у Уорэне (штат Мічыган; 1945—55). Зазнаў уплыў Л.Міс ван дэр Роэ. Ад рацыяналізму і неакласіцызму 1950-х г. перайшоў да арганічнай архітэктуры, пазней наблізіўся да бруталізму. Для творчасці С. характэрны пошукі сімвалічнай выразнасці арх. форм, пластычнасці, рамант. экспрэсіі (капэла Масачусецкага тэхнал. ін-та ў Кеймбрыджы, ЗША, 1953—56, аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962, будынак аэравакзала імя Далеса каля Вашынгтона, 1962).

Да арт. Саарынены. Эліэль Саарынен. Цэнтральны вакзал у Хельсінкі.
Да арт. Саарынены. Эра Саарынен. Аэравакзал імя Далеса каля Вашынгтона.

т. 14, с. 44

САА́РЫШ ((Soares) Марыу) (н. 7.12.1934, Лісабон),

партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Лісабонскі унт. З канца 1940-х г. удзельнік руху супраць дыктатуры А.​Салазара. У 1970—74 у эміграцыі ў Францыі, дзе ў 1973 заснаваў партуг. Сацыяліст. партыю (у 1973—86 яе ген. сакратар). Пасля Партуг. рэвалюцыі 1974 міністр замежных спраў (1974—75), выступаў за наданне незалежнасці афр. калоніям Партугаліі. У 1976—78 і 1983—85 прэм’ер-міністр, у 1986—96 прэзідэнт Партугаліі.

т. 14, с. 44

СА́АРЭМАА (Saaremaa),

Эзель, самы буйны в-аў Маанзундскага (Зах.-Эстонскага) архіпелага ў Эстоніі, у Балтыйскім м. Пл. 2,7 тыс. км². Злучаны дамбай з в-вам Муху. Складзены гал. ч. з вапнякоў, месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Паверхня нізінная (выш. да 50 м), месцамі забалочаная. Радовішчы даламітаў і вапнякоў. Рэдкія зараснікі ядлоўцу, хваёвыя лясы. Рыбалоўства. На в-ве Війдумяэскі і Вілсандыйскі запаведнікі; геал. заказнік Каалі (метэарытныя кратэры). Гал. горад — Курэссаарэ.

т. 14, с. 44

САА́ЎТАРСТВА,

сумеснае аўтарства двух і болей асоб на адзін твор, які з’яўляецца аб’ектам аўтарскага права. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996, аўтарскае права на твор сумеснай працы належыць сааўтарам сумесна незалежна ад таго, утварае твор непарыўнае цэлае ці складаецца з частак, кожная з якіх мае самаст. значэнне. Прызнаецца, што частка твора мае самаст. значэнне, калі яна можа выкарыстоўвацца незалежна ад інш. частак твора. Кожны з сааўтараў правамоцны выкарыстоўваць створаную ім частку твора, якая мае самаст. значэнне, паводле свайго меркавання, калі інш. не прадугледжана пагадненнем паміж імі. Права на выкарыстанне твора ў цэлым належыць сааўтарам сумесна. Іх узаемаадносіны вызначаюцца пагадненнем паміж імі. Калі твор з’яўляецца адзіным непарыўным цэлым, то ні адзін з сааўтараў не мае права без дастатковых падстаў забараніць яго выкарыстанне.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 44