САА́ЎТАРСТВА,
сумеснае аўтарства двух і болей асоб на адзін твор, які з’яўляецца аб’ектам аўтарскага права. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996, аўтарскае права на твор сумеснай працы належыць сааўтарам сумесна незалежна ад таго, утварае твор непарыўнае цэлае ці складаецца з частак, кожная з якіх мае самаст. значэнне. Прызнаецца, што частка твора мае самаст. значэнне, калі яна можа выкарыстоўвацца незалежна ад інш. частак твора. Кожны з сааўтараў правамоцны выкарыстоўваць створаную ім частку твора, якая мае самаст. значэнне, паводле свайго меркавання, калі інш. не прадугледжана пагадненнем паміж імі. Права на выкарыстанне твора ў цэлым належыць сааўтарам сумесна. Іх узаемаадносіны вызначаюцца пагадненнем паміж імі. Калі твор з’яўляецца адзіным непарыўным цэлым, то ні адзін з сааўтараў не мае права без дастатковых падстаў забараніць яго выкарыстанне.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)