Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ГЕЦІ ((Ligeti) Дзьёрдзь) (н. 28.5.1923, г. Тырнэвені, Румынія),

венгерскі кампазітар, музыказнавец; прадстаўнік зах.-еўрап. муз. авангарда. Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце (1949), выкладаў у ёй (з 1950 праф.). У 1956 і з пач. 1980-х г. у Вене. У галіне электроннай музыкі распрацаваў уласную тэхніку статычнай санорнай кампазіцыі, заснаваную на мікразмяненнях у цэлым нерухомага гукавога масіву («Уяўленні», 1959; «Атмасферы», 1961, для аркестра), спалучаў санорную статыку з дынамічнымі «выбухамі» («Рэквіем», 1965; «Мелодыі» для арк., 1971). Некат. вак. творы звязаны з т-рам абсурду («Прыгоды», 1962; «Новыя прыгоды», 1965). У творах апошніх гадоў рысы неарамантызму. Аўтар оперы «Вялікі мярцвяк» (1978), твораў «Гадзіны і воблакі» для хору і арк. (1973), «Далёкае» для арк. (1967), «Разгалінаванні» (1969) і інш.

Літ.:

Савенко С. Приключения в воображаемом пространстве: Заметки о творчестве Д.Лигети // Сов. музыка. 1987. № 6.

т. 9, с. 247

ЛІГНІ́Н (ад лац. lignum дрэва, драўніна),

арганічнае палімернае злучэнне, што знаходзіцца ў клетачных абалонках сасудзістых раслін. Разам з цэлюлозай выклікае іх адраўненне. Цвёрдасць і моцнасць абалонак дазваляюць дрэвам дасягаць выш. больш за 150 м (напр. эўкаліпты), а галінам вытрымліваць цяжар лісця, пладоў і інш. Драўніна лісцевых парод мае ў сабе 20—30% Л., хвойных — да 50%. Выкарыстоўваецца ў прам-сці як хім. сыравіна.

т. 9, с. 247

ЛІГНІ́Т (ад лац. lignum дрэва, драўніна),

гаручы карысны выкапень, слабаабвугленая драўніна, бурага колеру, з захаванай будовай тканак, таксама буры вугаль, утвораны поўнасцю або часткова з такой драўніны. На Беларусі трапляецца ў Прыпяцкай упадзіне ў адкладах каменнавугальнага, юрскага і кайназойскага ўзросту.

В.І.Ярцаў.

т. 9, с. 247

ЛІГНІФІКА́ЦЫЯ,

тое што адраўненне.

т. 9, с. 247

ЛІГРАІ́Н,

сумесь вуглевадародаў, якую атрымліваюць дыстыляцыяй нафты ці газавага кандэнсату. Вадкасць, выкіпае пры 120—240 °C, шчыльн. 785—795 кг/м³. Выкарыстоўваюць як кампанент таварных бензінаў, асвятляльнай газы і ракетнага паліва, экстрагент, напаўняльнік вадкасных прылад (напр., манометраў).

т. 9, с. 247

ЛІГУ́РЫ (лац. Ligures),

зборная назва стараж. плямён, якія насялялі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. паўн.-зах. Італію і паўд.-ўсх. Галію. Мяркуюць, што ў 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Л. насялялі б.ч. Італіі, потым іх адцяснілі на ПнЗ італікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Л. займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, жылі ва ўмацаваных гарадзішчах, якія паступова ператварыліся ў гандл.-рамесніцкія цэнтры. Грамадскі лад Л. меў характар ваен. дэмакратыі, доўгі час захоўвалася сельская абшчына. У розны час на Л. нападалі кельты і этрускі, з 328 да н.э. яны — аб’ект рым. агрэсіі. Канчаткова падпарадкаваны Рымам толькі пры Аўгусце (14 да н.э.). Большасць сучасных лінгвістаў лічаць мову Л. індаеўрапейскага паходжання. Верагодна, ім належаць наскальныя малюнкі ў Прыморскіх Альпах. Ад Л. атрымала назву гіст. вобласць на ПнЗ Італіі — Лігурыя.

т. 9, с. 248

ЛІГУРЫ́ЙСКАЕ МО́РА (Mare Ligure),

частка Міжземнага м. паміж а-вамі Корсіка, Эльба і берагамі Францыі, Манака і Італіі. Пл. 15 тыс. км2 Глыб. больш за 2,5 тыс. м. Буйны заліў Генуэзскі. Прылівы паўсутачныя, да 0,3 м. Узбярэжжа Л.м. — сусветна вядомы курортны раён (Італьянская і Французская Рыўера). Гал. парты — Генуя, Ліворна, Спецыя (Італія), Ніца (Францыя).

т. 9, с. 248

ЛІГУРЫ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава ў Італіі ў 1797—1805. Створана на тэр. Генуэзскай рэспублікі пасля акупацыі яе франц. войскамі. Мела канстытуцыю (1797), складзеную на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Тэр. Л.р. была арэнай барацьбы паміж Аўстрыяй і Францыяй. Пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 Аўстрыя заняла Паўн. Італію, у т.л. на кароткі час у 1800 і Л.р. Пасля разгрому аўстр. войск у бітве каля Марэнга Л.р. фактычна кіраваў (да ліп. 1802) напалеонаўскі ген. Дзежан. У 1805 далучана да франц. імперыі, паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 — да Сардзінскага каралеўства.

т. 9, с. 248

ЛІГУ́РЫЯ (Liguria),

вобласць на Пн Італіі, на ўзбярэжжы Генуэзскага зал. Лігурыйскага мора. Пл. 5,4 тыс. км2. Нас. каля 2 млн. чал. (1995). Уключае правінцыі Генуя, Імперыя, Савона, Спецыя. Адм. ц. і прамысл. вузел — Генуя. Большую ч. тэрыторыі займаюць Лігурыйскія Апеніны (выш. да 1803 м) і Прыморскія Альпы. Па ўзбярэжжы вузкая перарывістая раўніна з міжземнаморскім кліматам. Ападкаў 500—1000 мм за год. Буйны прамысл. раён. Развіты чорная і каляровая металургія, суднабудаванне, вытв-сць цеплавозаў, гідратурбін, дызель-матораў, катлоў, электраабсталявання, нафтаперапрацоўка, хім., цэм., тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая прам-сць. У прыбярэжнай зоне высокатаварнае вінаградарства, пладаводства, вырошчванне аліў, ранняй агародніны, кветак. У гарах — пашавая жывёлагадоўля. Узбярэжжа — важны курортны раён. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі. Важнейшыя парты: Генуя, Савона, Спецыя.

т. 9, с. 248