ЛІГУ́РЫ (лац. Ligures),

зборная назва стараж. плямён, якія насялялі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. паўн.-зах. Італію і паўд.-ўсх. Галію. Мяркуюць, што ў 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Л. насялялі б.ч. Італіі, потым іх адцяснілі на ПнЗ італікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Л. займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, жылі ва ўмацаваных гарадзішчах, якія паступова ператварыліся ў гандл.-рамесніцкія цэнтры. Грамадскі лад Л. меў характар ваен. дэмакратыі, доўгі час захоўвалася сельская абшчына. У розны час на Л. нападалі кельты і этрускі, з 328 да н.э. яны — аб’ект рым. агрэсіі. Канчаткова падпарадкаваны Рымам толькі пры Аўгусце (14 да н.э.). Большасць сучасных лінгвістаў лічаць мову Л. індаеўрапейскага паходжання. Верагодна, ім належаць наскальныя малюнкі ў Прыморскіх Альпах. Ад Л. атрымала назву гіст. вобласць на ПнЗ Італіі — Лігурыя.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)