ЛІГУ́РЫЯ

(Liguria),

вобласць на Пн Італіі, на ўзбярэжжы Генуэзскага зал. Лігурыйскага мора. Пл. 5,4 тыс. км2. Нас. каля 2 млн. чал. (1995). Уключае правінцыі Генуя, Імперыя, Савона, Спецыя. Адм. ц. і прамысл. вузел — Генуя. Большую ч. тэрыторыі займаюць Лігурыйскія Апеніны (выш. да 1803 м) і Прыморскія Альпы. Па ўзбярэжжы вузкая перарывістая раўніна з міжземнаморскім кліматам. Ападкаў 500—1000 мм за год. Буйны прамысл. раён. Развіты чорная і каляровая металургія, суднабудаванне, вытв-сць цеплавозаў, гідратурбін, дызель-матораў, катлоў, электраабсталявання, нафтаперапрацоўка, хім., цэм., тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая прам-сць. У прыбярэжнай зоне высокатаварнае вінаградарства, пладаводства, вырошчванне аліў, ранняй агародніны, кветак. У гарах — пашавая жывёлагадоўля. Узбярэжжа — важны курортны раён. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі. Важнейшыя парты: Генуя, Савона, Спецыя.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)